Колькасць афіцыйных беспрацоўных скарацілася на 5%
Афіцыйнае беспрацоўе ў Беларусі за апошні месяц знізілася на 5%. Як перадае БЕЛТА са спасылкай на дадзеня Нацыянальнага статыстычнага камітэта, па стане на канец ліпеня на ўліку ў службе занятасці стаяла 44,9 тысячы чалавек. Гэта на 3,7% меней, чым на канец ліпеня мінулага года і на 5% меней, чым на канец чэрвеня сёлета.
Такім чынам, у Беларусі афіцыйна не працуе 1% эканамічна актыўнага насельніцтва. У студзені-ліпені на ўлік было пастаўлена 147,9 тысячы чалавек, з іх прызналі беспрацоўнымі 100,6 тысячы чалавек. 98,5 тысячы чалавек атрымалі дапамогу ў пошуку працы, з іх 62,1 тысячы былі менавіта беспрацоўнымі.
Сярод беспрацоўных, якія ідуць у цэнтры занятасці, пераважаюць асобы, звольненыя па асабістым жаданні або па згодзе бакоў. Звольненых “па артыкуле” — 5,1%, па скарачэнні ці ліквідацыі прадпрыемства — 2,1%.
На канец ліпеня гэтага года на 100 вакансій было 117 беспрацоўных. Год таму — 170.