“Космас Наш” у дзясяты раз — з Oliver Koletzki i Timo Maas

Пакаленні мяняюцца — рэйвы застаюцца. Фестывальны доўгажыхар, рэйв “Космас Наш”, сёння святкуе 10-годдзе. На юбілейную эдыцыю запрошаныя хэдлайнеры з Германіі і Брытаніі — Oliver KoletzkiTimo Maas і Goldie.

"Калі пачынаўся першы “Космас Наш”, я яшчэ хадзіў пад стол, — смяецца Яўген Адзінец з JetSounds, кампаніі, якая цяпер арганізоўвае рэйв. — За 10 гадоў, пакуль праходзіць гэтае мерапрыемства, ужо змянілася 2-3 пакаленні. Тым, хто яго пачынаў, ужо далёка за 30, у іх ужо сем'і і дзеці, і яны такую музыку ўжо не слухаюць". 

Стаўка цяперашняга “Космас Наш” — на сучасную моладзь, якая захапляецца электроннай музыкай. Але хэдлайнеры падабраныя ўсё ж для тых, каму "за 30".

Timo Maas грымеў са сваім хітом "Last Day", запісаным з Браянам Молка з Placebo акурат 10 гадоў таму, а на музыцы Goldie адрываліся яшчэ ў 90-я. "Лайн-ап падбіралі так, каб было цікава ўсім, — тлумачыць Яўген Адзінец, — і Timo Maas, i Goldie — гэта легенды". 

Варта адзначыць, што фестываль “Космас Наш” адрозніваецца ад іншых рэйваў тым, што стараецца трымацца палітыкі "непапсовасці". Наяўнасць ў лайн-апе Oliver Koletzki пра гэта сведчыць:

"Калецкі добра сябе зарэкамендаваў на фестывалі MayDay у мінулым годзе, усім вельмі спадабаўся яго сэт, — кажа Еўрарадыё арганізатар Яўген Адзінец. — Але цяпер нам удалося дамовіцца, каб ён прыляцеў са сваёй жонкай Fran, так што ўсе свае хіты яны будуць выконваць ужывую". 

На рэйве наведнікаў чакаюць ажно 4 сцэны з рознымі кірункамі музыкі — ад тэхна да драм-н-бэйсу. Аўтобусы з метро “Фрунзенская” да Выспы Кахання будуць вандраваць усю ноч з інтэрвалам у паўгадзіны.

Сайт фестывалю "Космас Наш"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі