Кулеба распавёў пра кантакты Украіны з лукашэнкаўскімі ўладамі
"У нас ёсць амбасадар у Беларусі, у нас ёсць амбасада ў Беларусі, у іх ёсць амбасада ў Кіеве. Гэта адзіныя каналы сувязі. Гэта значыць, усё вельмі суха і афіцыйна, але калі вы думаеце, што штодзённая паштовая скрыня трашчыць ад сувязі, то гэта не так. Гэта вельмі і вельмі абмежаваныя кантакты", — так міністр замежных спраў Украіны Зміцер Кулеба ў інтэрв'ю выданню lb.ua ахарактаразаваў цяперашнія адносіны Кіева з афіцыйным Мінскам.
Па словах Кулебы, на дадзены момант беларуская армія дакладна ўсведамляе, што, уступіўшы на тэрыторыі Украіны, атрымае паразу. Таму, мяркуе міністр, рызыка беларускага ўварвання будзе залежыць ад магчымых поспехаў расійскай арміі.
Апошняя група беларускіх дыпламатаў пакінула Украіну 19 сакавіка. Амбасадар Беларусі ў Кіеве Ігар Сокал тады паскардзіўся, што Украіна стварыла літаральна невыносныя ўмовы для знаходжання на сваёй тэрыторыі беларускага дыппрадстаўніцтва.
Расійскае ўварванне ва Украіну пачалося 24 лютага. Ад самага пачатку Расія выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для нападу на паўночныя вобласці Украіны, а таксама ў якасці аэрадрома, адкуль запускаліся ракеты па ўкраінскіх гарадах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.