Купчына: Беларусь не бачыць пагрозы ў батальёнах NATO ў Польшчы і Балтыі
Беларусь не бачыць прамой пагрозы для сваёй бяспекі ў новых батальёнах NATO, якія плануецца размясціць у Польшчы і ў краінах Балтыі. Так намеснік міністра замежных спраў нашай краіны Алена Купчына пракаментавала рашэнне нядаўняга саміта альянса ў Варшаве. Зрабіла яна гэта на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, дзе праходзіла пасяджэнне нефармальнага міністэрскага дыялога краін "Усходняга партнёрства".
Як паведамляла Еўрарадыё, у краінах Балтыі і ў Польшчы будуць створаныя чатыры шматнацыянальныя батальёны. У кожным з іх будзе налічвацца ад 800 да 1200 чалавек. У Польшчу сваіх салдат адправяць Злучаныя Штаты, у Латвію — Канада, у Літву — Нямеччына. Такім чынам будзе пашыраная ваенная прысутнасць NATO на ўсходзе.