Куратар выставы Бэнксі ў Мінску: Адзіны варыянт быць убачаным — надзець маску

Куратар выставы Бэнксі ў Мінску: Адзіны варыянт быць убачаным — надзець маску

У Мінск прыехаў незалежны італьянскі арт-крытык і куратар Стэфана Антанэлі. Адна са старонак яго біяграфіі — вывучэнне стрыт-арту і праца з самім Бэнксі! Еўрарадыё, як вялікі аматар вулічнага мастацтва, не магло не спытаць у Стэфана, як стрыт-арт змяняе грамадства і ці стаў бы Бэнксі сабой, калі б не хаваў свой твар.

 

Бэнксі прапагандуе адсутнасць самавыстаўлення. Гэты парадокс ён ператварае ў эканоміку

 

Так, Бэнксі — асоба. Зора — таксама асоба. Гэта дон Дыега дэ ла Вега. Але каго ўвогуле цікавіць дон Дыега? Усіх цікавіць Зора! 


Бэнксі напісаў чатыры кнігі пра працэс малявання. У гэтых кнігах ёсць усе адказы наконт яго асобы. У нашым свеце, калі ўсе занадта шмат сябе прэзентуюць, адзіная магчымасць быць пачутым і ўбачаным — надзець на сябе маску, схаваць сябе. У час, калі самавыстаўленне лічыцца важным, Бэнксі прапагандуе адсутнасць самавыстаўлення, і ў гэтым ёсць пэўны парадокс. Але самае цікавае, што ён ператварае гэты парадокс у эканоміку. 

 


Стрыт-арт — мова, якую разумеюць паўсюль, а гэта небяспечна

 


Стрыт-арт не ўплывае на грамадства. Наадварот, стрыт-арт адлюстроўвае настрой грамадства. Гэта базавае выражэнне людзей, і яно вельмі дэмакратычнае, бо кожны чалавек нават з кавалкам крэйды можа выйсці і штосьці пакінуць у прасторы. 


Мінск і астатнія гарады Беларусі ўключаныя ў сусветны дыскурс вулічнага мастацтва. Гэта адначасова і глабальная, і лакальная парадыгма. Як прадстаўнік лакальнай супольнасці, я штосьці даю ў глабальнае бачанне, і цікава, што гэтая мова становіцца міжнароднай. Але адначасова гэта яшчэ і небяспека, што мы звужаемся да адной мовы, якую разумеюць паўсюль. Я аддаю перавагу бачыць вулічнае мастацтва не як эстэтыку, а як модус, у якім ёсць магчымасць прадставіць сябе ў вулічным асяроддзі. 

Вулічнае мастацтва не патрабуе куратараў. Вулічны мастак робіць куратарскую працу за сябе. То бок, сам абірае, як паказаць сябе ў вулічнай прасторы.

 

Куратар выставы Бэнксі ў Мінску: Адзіны варыянт быць убачаным — надзець маску
Стэфана Антанэлі. Фота Еўрарадыё

У Мінск Стэфана Антанэлі прыехаў па запрашэнні Белгазпрамбанка, які разам з гарадскімі ўладамі з 27 красавіка па 20 траўня ладзіць міжнародны фэст сучаснага мастацтва "Арт Мінск 2018". У гэты час на 14-ці арт-лакацыях Мінска будуць праходзіць выставы беларускіх мастакоў. Стэфана курыруе галоўную выставу, якую можна будзе наведаць у Палацы мастацтва, і якая будзе прысвечаная эстэтыцы стасункаў у цяперашнім беларускім мастацтве. 

 

Куратар — не суддзя

 

Многія не заўсёды разумеюць, што такое праца куратара. Куратар — гэта не суддзя. Перад ім стаіць задача зразумець, як аб'ект, які даў мастак, уступае ў стасункі з асяроддзем і сістэмай. Яму важна адчуць сутнасць гэтых адносін. Калі такія адносіны ёсць, значыць, праца знаходзіцца ў духу часу. 

 

На Захадзе мы ўжо не разглядаем пейзаж з пункту гледжання рэпрэзентацыі рэальнасці

 

Дагэтуль я не быў знаёмы з беларускім мастацтвам. Але, працуючы над выставай, магу сказаць, што многія беларускія мастакі ствараюць у жанры жывапісу. А жывапіс — гэта не тое, пра што цяпер кажа сучаснае заходняе мастацтва. Там мастакоў больш прыцягваюць
жанры інсталяцыі і перфомансу.


Жывапіс робіцца менш цікавым, бо з'явіліся смартфоны. Але факт у тым, што мы не друкуем фота, якія робім на смартфоны, і не вешаем іх на сцяну. У Заходняй Еўропе мы разважаем пра жывапіс, як пра ўяўленне рэальнасці мастака. Да таго ж, у беларускім мастацтве я заўважыў схільнасць да малявання пейзажаў. На захадзе мы ўжо не разглядаем пейзаж з пункту гледжання рэпрэзентацыі рэальнасці. Пейзаж выкарыстоўваецца выключна як жанр для навучання. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі