Курсанты з Ульянаўска станчылі ў ніжняй бялізне (відэа)
"Новая газета"
Губернатар Ульянаўскай вобласці Сяргей Марозаў заклікаў не адлічваць з Ульянаўскага інстытута грамадзянскай авіяцыі (УІГА) імя Бугаева курсантаў, якія знялі відэапародыю на кліп Satisfaction.
На сваёй старонцы ў фэйсбуку губернатар распавёў, што заўтра збіраецца сустрэцца з курсантамі і іх бацькамі, каб агучыць сваю пазіцыю па гэтым пытанні. На думку Марозава, звальненне маладых людзей “дакладна не дадасць ім патрыятызму і выхавання”.
“Упэўнены — яны павінны панесці пакаранне. Але пакаранне справядлівае, суразмернае ўчынку. Наша задача не зламаць ім жыццё, не перакрэсліць іх мару, а прымусіць задумацца аб наступствах сваіх учынкаў. Хлопцы павінны зразумець: форма заўсёды накладвае дадатковую адказнасць і пэўныя нормы паводзін, гэта маё ўнутранае перакананне як чалавека, доўгія гады насіў пагоны”, — кажа Марозаў.
16 студзеня ў сацыяльных сетках з'явіўся ролік, зняты студэнтамі Ульянаўскага інстытута грамадзянскай авіяцыі, у якім курсанты ў ніжняй бялізне і фуражках танчаць пад песню італьянскага дыджэя Бені Бенасі “Satisfaction”. Кліп выклікаў абурэнне кіраўніцтва ВНУ: рэктар назваў паводзіны курсантаў “агіднымі”. “Я б параўнаў гэта з Pussy Riot, якія здзекаваліся ў храме Хрыста Збавіцеля, а УІГА — гэта храм навук, які дае пуцёўкі ў жыццё”, — заявіў рэктар Сяргей Красноў.
Пазней стала вядома, што транспартная пракуратура пачала праверку дзеянняў студэнтаў на “адпаведнасць паветранаму заканадаўству”, а губернатар Ульянаўскай вобласці анансаваў стварэнне міжведамаснай камісіі для расследавання сітуацыі.
На бок курсантаў сталі карыстальнікі сацсетак: ужо больш за 25 тысяч чалавек падтрымалі петыцыю на сайце сhange.org з патрабаваннем не караць маладых людзей за парадыйны ролік.