Ландсбергіс: бомба ў беларускім Астраўцы пагражае ўсходняй частцы ЕС

Ландсбергіс: бомба ў беларускім Астраўцы пагражае ўсходняй частцы ЕС

Былы кіраўнік літоўскага парламента, лідар партыі "Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы" Вітаўтас Ландсбергіс жорстка выказаўся наконт будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне Беларусі. Ён бачыць у гэтым праекце "відавочны план Крамля", накіраваны супраць Еўрасаюза і найперш Літвы, якіх Масква лічыць ворагамі.

"Гэта палітыка дэманстрацыі сілы, не нейкіх пагадненняў, перамоваў — гэта палітыка дыктата, паколькі яны думаюць, што валодаюць магутнасцю, цытуе словы Ландсбергіса Delfi. — Так, у іх ёсць магутнасць — гэта бомба ў Астраўцы. Бомба, якая вісіць над усходняй часткай ЕС, найперш над Літвой".

Палітык перакананы, што Расія хоча адпомсціць Літве, і яго краіне давядзецца жыць ва ўмовах пастаяннай пагрозы. Вітаўтас Ландсбергіс кажа, што праект пабудовы Беларускай АЭС — гэта "агрэсія ў дачыненні Літвы...". "Расія — ініцыятар ядзернай агрэсіі... Што датычыць Астраўца, то вайна ўжо ідзе. Калі мы хочам спыніць гэтую небяспеку, мы павінны адкрыта гаварыць пра гэта", — такія нечаканыя рэчы агучвае Ландсбергіс.

Беларуская АЭС будуецца ў 30 кіламетрах ад мяжы з Літвой і ў 50 км ад Вільні. Літоўскія ўлады неаднаразова выказвалі занепакоенасць бяспекай станцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі