Латвія пачала будаваць плот на мяжы з Беларуссю
Латвія пачала будаваць плот на мяжы з Беларуссю, паведамляе Delfi. Раней падобныя праекты рэалізавалі Польшча і Літва.
Плот на латвійска-беларускай мяжы будзе ўзведзены на працягласці 173 кіламетраў. Першыя з іх ужо абсталяваны. Вышыня плота з калючым дротам амаль 4 метры. Будаўніцтва плануецца закончыць у 2024 годзе.
Прычынай будаўніцтва загародаў на межах краін ЕС з Беларуссю стаў міграцыйны крызіс, адказнасць за які ўскладаецца на афіцыйны Мінск. Мігранты дагэтуль спрабуюць нелегальна патрапіць з РБ у Еўрасаюз. Пры гэтым беларускія памежнікі ім не перашкаджаюць, а па звестках польскіх і літоўскіх памежнікаў нават дапамагаюць (тое самае кажуць цяпер і латвійскія памежнікі). Плот на мяжы ўскладняе яе перасячэнне мігрантамі.
У жніўні ў Латвію з Беларусі спрабавалі нелегальна патрапіць 300 мігрантаў, у верасні такіх налічылі ўжо 150. У Рызе наўпрост кажуць пра "беларускую гібрыдную вайну", бо праблема "нікуды не дзелася".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.