Латвійская амбасада ўводзіць новыя правілы атрымання візаў
Да пачатку кастрычніка на базе дыппрадстаўніцтва адкрыецца візавы цэнтр.
Гэтае пытанне даўно разглядалася, бо амбасадзе было складана спраўляцца са шматлікімі візавымі запытамі. Калі ў 2013 годзе выдалі 23 тысячы віз, то сёлета на сёння іх выдана ўжо 30 тысяч.
Візавы цэнтр — гэта камерцыйная структура, якая прымае візавыя запыты. Разглядаць іх будуць у амбасадзе, а на цэнтр ускладуць тэхнічную працу, за якую будуць браць пэўную аплату.
На дадзены момант на сайце амбасады размешчаная інфармацыя, што запіс на падачу дакументаў спыняецца. Гэта звязана з тым, што візавы цэнтр пераймае на сябе гэтую функцыю.
Яшчэ адна навіна — з 1 студзеня ўсе турысты, якія хочуць атрымаць візу (апроч дзяцей да 12 гадоў), павінны будуць асабіста прыйсці ў амбасаду і зняць біяметрычныя дадзеныя, то бок, здаць адбіткі пальцаў. Гэта патрабаванне Еўрапейскай камісіі, выконваць яго абавязаныя будуць усе амбасады.
Наступная навіна звязаная з акрэдытацыяй турыстычных кампаній у амбасадзе. Неўзабаве з’явіцца новы парадак акрэдытацыі фірм, у якім будзе прапісана, што калі кампанія цягам пэўнага часу не падае дакументы, то падаўжэння акрэдытацыі не будзе. На сёння ў латвійскай амбасадзе акрэдытаваныя 118 турыстычных кампаній, інфармуе TIO.by