Лаўрэатам прэміі "За свабоду думкі" стаў Народны паэт Ніл Гілевіч

У суботу, 20 чэрвеня, рух "За Свабоду" ўручыў сваю традыцыйную прэмію “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава. Сёлета лаўрэатам стаў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, паведамляе сайт pyx.by.

Цырымонія абвяшчэння лаўрэата традыцыйна адбылася на радзіме Васіля Быкава — у вёсцы Бычкі Ушацкага раёна Віцебшчыны. У імпрэзе прынялі ўдзел больш за сто чалавек. Шмат хто з выступоўцаў чытаў вершы, у тым ліку Ніла Гілевіча.

На жаль, сам 83-гадовы лаўрэат па стане здароўя не здолеў прыехаць у Бычкі. Таму ўзнагароду яму перададуць пазней у Мінску. Аднак на мерапрыемстве прагучаў аўдыёвыступ паэта, у якім ён паразважаў пра місію носьбітаў свабодных думак. Таксама прагучаў аўдыязапіс вершаў Гілевіча на патрыятычна-грамадзянскую тэматыку. (Самі вершы можна паслухаць па спасылцы.)

Нагадаем, што прэмія “За свабоду думкі” імя Васіля Быкава была заснаваная лідарам руху “За Свабоду” ў 2008 годзе. Прэміяй адзначаюцца асобы, якія выявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і Свабоды.

Лаўрэатамі прэміі станавіліся літаратары Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, палітык Павел Севярынец, мастак Алесь Пушкін, краязнаўца Ада Райчонак, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, музыка Лявон Вольскі і краязнаўца Алесь Белакоз, музыка Зміцер Вайцюшкевіч, мастак Алесь Марачкін, акцёр Віктар Шалкевіч.

Фота — belaruspartisan.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі