Лазавік: У лазні да мяне з палітычнымі прэтэнзіямі не прыстаюць
Сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік распавядае Еўрарадыё, чаму на працу ездзіць разам з Ярмошынай, пра што з ёй спрачаецца і ці прысвячае ёй вершы.
Цалкам размова з Мікалаем Лазавіком:
Толькі мы з Лідзіяй Міхайлаўнай штодня ходзім на працу
Еўрарадыё: Чым займаюцца сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі ў той час, калі выбараў няма? Гэта ж не дзень і не месяц — гады!
Мікалай Лазавік: У склад ЦВК уваходзіць 12 чалавек. З іх толькі два чалавекі працуюць на прафесійнай аснове. Гэта — старшыня і сакратар ЦВК. Толькі мы з Лідзіяй Міхайлаўнай штодня ходзім на працу і займаемся праблемамі ўдасканальвання выбарчага заканадаўства і законапрымяняльнай практыкі падчас падрыхтоўкі і правядзення выбараў. Таму, калі і гуляюць без справы ад выбараў да выбараў, то толькі два чалавекі! Але паверце, і ў нас працы хапае. Рыхтавацца да наступных выбараў мы пачынаем адразу па заканчэнні папярэдняй кампаніі. Праўда, пакуль мы яшчэ не пачалі рыхтавацца да мясцовых выбараў, што пройдуць у пачатку 2014 года. Пакуль вядзем працу па аналізе мінулай выбарчай кампаніі, рыхтуем зборнік вынікаў выбараў.
Сёння мы аналізуем правапрымяняльную практыку, тыя заўвагі і прапановы, якія паступалі падчас выбарчай кампаніі. Выпрацоўваем прапановы, каб будучыя кампаніі праходзілі з улікам тых недахопаў, якія мы выявілі. Дарэчы, да гэтага часу не атрымалі канчатковай справаздачы місіі АБСЕ — можа, нешта ад іх возьмем. Праўда, даверу да гэтай арганізацыі ў мяне практычна не засталося.
Еўрарадыё: Вы неаднаразова казалі, што раней, уносячы змены ў выбарчае заканадаўства, улічылі парады АБСЕ. Але прэтэнзіі ў іх да выбараў застаюцца. Можа, прычына ў тым, што выбарчыя камісіі на месцах праводзяць выбары “па-свойму”?
Мікалай Лазавік: Выбарчыя камісіі працуюць у адпаведнасці з законам і патрабаваннямі ЦВК. Але калі ў выбарчым працэсе задзейнічаныя тысячы людзей, то гарантаваць, што нехта з іх не дапусціць несвядомую памылку ці свядомае парушэнне, ніхто не можа. Калі нехта свае асабістыя адносіны да нейкага кандыдата ці службовай асобы спрабуе рэалізаваць праз сваю працу ў выбарчай камісіі. Стараецца камусьці стварыць прэферэнцыі, а камусьці — бар’еры.
Еўрарадыё: То, можа, трэба, каб выбарчыя камісіі фармаваў ЦВК, а не мясцовыя ўлады, як зараз?
Мікалай Лазавік: Калі прааналізаваць сусветную практыку фармавання выбарчых камісій, то бачна, што ў нас гэта адбываецца дастаткова дэмакратычна, і мы тут можам даць фору ледзь не палове еўрапейскіх дзяржаў.
На пасаду дэпутата і нават прэзідэнта балатуюцца абсалютна нікчэмныя людзі
Еўрарадыё: Вернемся да працы над прапановамі па зменах выбарчага заканадаўства. Працуеце над тым, як супрацьстаяць тактыцы байкоту выбараў?
Мікалай Лазавік: Зараз нашы юрысты працуюць над нашымі прапановамі. Але асабіста я лічу, што калі некаторыя партыі спрабавалі сарваць такое важнае мерапрыемства, як выбары, за кошт самой дзяржавы і агітавалі за байкот у рамках агітацыі за кандыдата — гэта нонсэнс. Хочаце агітаваць за байкот — агітуйце, але дзяржава не абавязаная на гэта выдзяляць сродкі. Сёння заканадаўства дакладна не рэгламентуе працэдуру правядзення байкоту, і некаторыя партыі ўбачылі шчыліну і спрабавалі сарваць дзяржаўнае мерапрыемства за сродкі самай жа дзяржавы! Гэты нонсэнс неабходна выправіць.
Па-другое, лічу, што нашы выбары прайграюць ад таго, што на пасаду дэпутата і нават прэзідэнта балатуюцца абсалютна нікчэмныя людзі. Нейкія беспрацоўныя, лузеры, якія для сябе ў жыцці нічога не змаглі дабіцца, а прэтэндуюць на такую пасаду! Можа, увесці нейкі грашовы задатак — хай сабе 300-500 долараў. І калі ён выйграе выбары ці набірае значны адсотак галасоў, то грошы яму вяртаюцца. А калі набярэ 3-4 адсоткі галасоў, то грошы будуць пералічвацца ў бюджэт. Можа, гэты спыніць тых, хто ставіцца да выбараў, як да вясёлага мерапрыемства, калі можна сябе папіярыць і нават не патраціцца на гэта. Можа, прыспеў час перайсці на такую сістэму: калі адзін з кандыдатаў набраў 40% галасоў, а яго канкурэнтны — па 3-4-5%, то і не праводзіць другі тур, і так лідар відавочны.
Еўрарадыё: Атрымліваецца, што пасля кожных выбараў у выбарчае заканадаўства ўносяцца нейкія змены?
Мікалай Лазавік: Так на практыцы і атрымліваецца. Часам нам прапаноўваюць зрабіць гэта напярэдадні выбараў, але гэта — не правільна. Да любой нормы заканадаўства павінны “прыцерціся” і выбаршчыкі, і кандыдаты, і арганізатары выбараў. Новыя нормы трэба прымаць у спакойных абставінах, а не калі палітычныя пачуцці віруюць. Зараз самы час для аналіза, як праходзіла вылучэнне, агітацыя, галасаванне, для пошуку недахопаў і магчымасцяў іх выпраўлення. Мне асабіста было незразумела, як палітычныя партыі на з’езд абіраюць 20 чалавек, а кандыдатаў вылучаюць па ўсіх 110 акругах! Гэта нейкі здзек. Маўляў, мы абы-як вылучым, абы-як будзем удзельнічаць у агітацыйнай кампаніі — усё адно здымемся. Але выбары — гэта не гульня. І выбаршчыкі не прабачаць арганізатарам выбараў такіх адносінаў да выбарчай кампаніі, якія дазваляюць сабе некаторыя кіраўнікі партый.
У маім кабінеце вы прыхільніка выбараў па партыйных спісах не знойдзеце
Еўрарадыё: Ужо некалькі гадоў прадстаўнікі апазіцыі кажуць пра нежаданне ЦВК уносіць у выбарчае заканадаўства прапанаваныя імі змены. Вы іх бачылі, гэтыя прапановы? Там што, сапраўды нічога цікавага няма?
Мікалай Лазавік: Калі не кранаць асобныя дробязі, то іх глабальная прапанова — перайсці да прапарцыйнай сістэмы. У маім кабінеце яны прыхільнікаў не знойдуць. У кабінеце старшыні ЦВК меркаванне іншае. Я з’яўляюся прыхільнікам мажарытарнай сістэмы, а Ярмошына бачыць добрыя моманты ў прапарцыйнай сістэме.
Еўрарадыё: Чаму вы супраць змяшанай сістэмы — супраць галасавання па партыйных спісах?
Мікалай Лазавік: Мажарытарная сістэма на першы план высоўвае выбаршчыка. Ён, калі атрымлівае бюлетэнь, бачыць прозвішча таго, за каго галасуе, і хаця б мінімальныя звесткі аб ім. Актыўны выбаршчык можа прыйсці на сустрэчу з кандыдатам, задаць яму пытанне. Галасаванне адбываецца свядома. І пасля абрання дэпутат не губляе сувязь са сваімі выбаршчыкамі — да яго можна прыйсці і сказаць: “Можа, ты і вельмі заняты, але ты мой дэпутат, а ў нашай акрузе вось такія невырашаныя пытанні”. А што атрымліваецца пры партыйнай сістэме? Ну, сабраліся 20 чалавек, вылучылі 110 кандыдатаў. І каб быць вылучаным, гэтыя кандыдаты павінны даказваць сваю вернасць не выбаршчыку, а лідару партыі. Тут — галасаванне за ката ў мяшку. Я не ведаю, да каго мне звярнуцца для вырашэння праблем акругі.
Еўрарадыё: Ці не зменіцца ваша пазіцыя наконт гэтага пытання, калі ў нас з’явіцца партыя ўлады?
Мікалай Лазавік: Не. Але ж я чыноўнік, які займаецца прымяненнем закона — мы нават права заканадаўчай ініцыятывы не маем! Калі заўтра выйдзе закон, што ў нас прапарцыйная ці змяшаная сістэма — маё меркаванне не зменіцца, але я буду выконваць закон.
Абвінавачванні ў фальсіфікацыі выбараў — паклёп, але я судзіцца не буду
Еўрарадыё: Пасля кожных выбараў чутны размовы пра тое, што Лазавік з Ярмошынай займаюцца фальсіфікацыяй выбараў. Гэтыя абвінавачванні вас закранаюць?
Мікалай Лазавік: Ніводнага факту фальсіфікацый ні ўнутраныя, ні знешнія назіральнікі не выявілі. Таму гэта — паклёп. А за паклёп можна прыцягнуць да адказнасці. Але я думаю, што для некаторых гэта быў бы піяр — для палітыка не важна, што пра яго кажуць, галоўнае, каб казалі. І я не хачу камусьці ствараць дадатковую рэкламу.
Еўрарадыё: Ці чакаеце вы, што пасля падзей 2010 года будзе так ужо шмат жадаючых паўдзельнічаць у чарговых прэзідэнцкіх выбарах?
Мікалай Лазавік: Сапраўды, у 2010 годзе ў кандыдаты ішлі “і жук, і жаба”. Нават тыя, хто не ведаў, хто такі прэзідэнт, і ні разу ў руках Выбарчы кодэкс не трымалі, раптам заявілі, што гатовы абірацца на пасаду прэзідэнта. Я не думаю, што на наступных выбарах будзе менш кандыдатаў. Хацелася б толькі, каб не было людзей, якія нічым сябе не праявілі ў грамадстве і нават па жыцці з’яўляюцца няўдачнікамі. Такія не змогуць зрабіць шчаслівымі дзяржаву і ўвесь народ.
Еўрарадыё: Ярмошына ў інтэрв’ю Еўрарадыё сказала, што яна “чалавек каманды прэзідэнта” — а вы?
Мікалай Лазавік: Журналісты перакруцілі гэтую заяву і нават АБСЕ ў сваёй справаздачы па выніках 2010 года напісала, што Ярмошына выказала сваю сімпатыю да прэзідэнта. І дало спасылку на Еўрарадыё, дзе яна сказала, што яна — “чалавек каманды прэзідэнта”. Але ўзгадаем: журналіст запытаўся: “Як доўга вы плануеце заставацца на сваёй пасадзе?”. І яна фактычна працытавала артыкул Канстытуцыі — я чалавек каманды прэзідэнта. Яна ўваходзіць у наменклатуру асоб, якія прызначаюцца ўказам прэзідэнта. Любіць яна прэзідэнта ці не, тут не было сказана. Яна проста працытавала артыкул, дзе сказана, што яна прызначаецца прэзідэнтам. Ёсць каманда людзей, якіх не абіраюць, а якіх прызначае прэзідэнт. І яна сказала, што буду на пасадзе да таго часу, пакуль прэзідэнт мяне не здыме — гэтак сама, як прызначыў. Тое ж магу сказаць і я: як сябра Цэнтравыбаркама я прызначаны ўказам прэзідэнта. Але гэта не азначае, што я некаму павінен прэферэнцыі ствараць падчас выбараў.
Калі ў лазні ў каго і ёсць да мяне палітычныя прэтэнзіі, то яны не выказваюцца ў рэзкай форме
Еўрарадыё: Вы ўжо год як паводле ўзросту пенсіянер — не думалі сысці на пенсію? Я ведаю, што вы любіце рыбалку…
Мікалай Лазавік: Пасля выбараў я сышоў у адпачынак. Снег пайшоў на выхадныя, пасля — тыдзень дажджоў… Сяджу я — ні рыбалкі, ні грыбоў. І падумаў: “А вось пайду я зусім на пенсію, і чым я буду займацца?” Гэта вялікае шчасце для чалавека, асабліва пенсіянера, калі яго цэняць, паважаюць і даюць магчымасць папрацаваць. Але я выдатна разумею, што ў любы момант мяне могуць папрасіць саступіць месца маладым, да гэтага гатовы. Пакуль адчуваю сябе здаровым і поўным энергіі, хацелася б яшчэ папрацаваць.
Еўрарадыё: У вас ёсць ахова і ці ездзіце вы на працу на грамадскім транспарце?
Мікалай Лазавік: Ахова выдзяляецца толькі старшыні ЦВК. У нас дзве службовыя машыны, але мы стараемся эканоміць паліва, выкарыстоўваць адну машыну. Раніцай маршрут: Малінаўка-Дразды-Цэнтравыбаркам. Днём выкарыстоўваем абедзве машыны, а ўвечары ізноў — на адной машыне. Грамадскім транспартам карыстаюся і паўсюль езджу без аховы. Я — чалавек пазнавальны, і найлепшым паказчыкам гэтага з’яўляецца гарадская лазня. У Малінаўцы нядрэнная лазня, і яе пастаянныя наведвальнікі добра ведаюць, хто я такі. Дзякуй Богу, яны не прыстаюць з палітычнымі размовамі! Калі ўзнікне нейкае пытанне, то без нейкай палітызацыі пацікавяцца меркаваннем. Размовы, як ва ўсіх: пра паляванне, рыбалку, дачу. Калі ў каго і ёсць да мяне палітычныя прэтэнзіі як да супрацоўніка ЦВК, то яны не выказваюцца ў рэзкай форме. Аднойчы толькі была такая спроба з боку сябра ініцыятыўнай групы Міхалевіча — ён проста ў лазні ледзь не мітынг паспрабаваў арганізаваць. Я яму сказаў: “Тут людзі прыйшлі адпачыць, што вы да мяне са сваімі палітычнымі лозунгамі прыстаяце — перанось іх па плошчу!” І наведвальнікі мяне падтрымалі.
Еўрарадыё: На працу — з працы на машыне… То вы яшчэ не былі "пад зорным небам "Пятроўшчыны"!
Мікалай Лазавік: Не быў. Але жонка некалькі разоў з абурэннем казала, што лепш бы гэтую лінію не адкрывалі. Жыхары нашага мікрараёна апынуліся нават ў горшых транспартных умовах, чым былі раней — да 80% маршрутаў грамадскага транспарту знялі, а людзям жа неяк з Малінаўкі да "Пятроўшыны" дабрацца трэба!
Еўрарадыё: Вы неаднаразова чыталі ў эфіры Еўрарадыё вершы, якія прысвяцілі Лідзіі Ярмошынай. Працягваеце ёй прысвячаць па-ранейшаму?
Мікалай Лазавік: Так! Двойчы Еўрарадыё “выцягнула”з мяне некалькі вершаваных радкоў. Не часта, але, здараецца, пішу сябрам, калегам. Ярмошынай, па традыцыі, да кожнага дня народзінаў. У студзені — няхай чакае новы верш. Яна пра гэта ведае. Я разумею, што сярод наведвальнікаў вашага сайта ёсць “крытыкі”, якія ацэньваюць людзей паводле прынцыпу: “Калі чыноўнік, служыць уладам — значыцца свалата. А якія вершы можа напісаць сволач? Зразумела — свалачныя”. Таму не хачу нічога новага даваць у інтэрнэт. Каб не даваць падставы такім “літаратурным крытыкам” для зласлоўя. А добрым сябрам магу і цэлы зборнік на флэшку скінуць.
У кабінеце Мікалая Лазавіка:
Фота: Змітра Лукашука