Леанід Злотнікаў: “Без Украіны ЕўрАзЭС асаблівага сэнсу не мае”

Падчас міжнароднага форуму БДІПЧ АБСЕ ў Варшаве “Беларуская аналітычная майстэрня” правяла чарговую працоўную сустрэчу, якую прысвяціла Украіне.

Апроч беларускіх экспертаў, прафесара сацыялогіі Андрэя Вардамацкага, эканаміста Леаніда Злотнікава, палітолага Паўла Усава, у дыскусіі ўзяла удзел вядомы ўкраінскі сацыёлаг Ірына Бякешкіна, якая падзялілася даследаваннямі новай геапалітычнай з’явы Наваросіі, перадумовы з’яўлення якой даследчыца, між іншага, бачыць яшчэ з часоў Еўрамайдана.

Ірына Бякешкіна: “Еўрамайдан стаў чарговым фактарам, якія падзяліў Украіну. Паводле нашых даследаванняў, якія праводзіліся ў снежні акурат падчас Еўрамайдана, Еўрамайдан падтрымалі 50% насельніцтва, 42% не падтрымалі. І вось гэтыя 42%, зразумела, усход і поўдзень, але варта дадаць, што і там 30% насельніцтва падтрымалі Еўрамайдан, і гэта не малая частка”.

Як дадае сацыёлаг, з’явілася такая ілюзія пра існаванне расійска арыентаванага Паўднёвага Усходу, Наваросіі. А гэта восем рускамоўных абласцей плюс Крым. Насельніцтва гэтых рэгіёнаў нібыта толькі і чакае, калі прыйдзе Расія і іх далучыць.

Больш за тое, не трэба забываць, што працэсы сепаратызму пачыналіся не толькі на Данбасе, яны былі і ў Харкаве, Адэсе, Мікалаеве. Як узгадвае даследчыца, захопліваліся адміністрацыі, усё было па той жа схеме, што і на Данбасе. Адзінае, што ў пералічаных рэгіёнах гэтыя працэсы спыніла не міліцыя, якая бяздзейнічала, не сілавыя структуры, якіх фактычна не было, а самі людзі, якія арганізаваліся. Плюс не было ваеннай падтрымкі Расіі і ўсё даволі хутка захлынулася.

Даследчыца звярнула ўвагу на тое, наколькі правамерна казаць пра адзіную Наваросію і наколькі гэта Наваросія з’яўляецца Расіяй. У траўні было зладжана апытанне жыхароў васьмі паўднёва-усходніх абласцей Украіны. На пытанне: “Ці хочаце вы, каб ваша вобласць аддзялілася ад Украіны і далучылася да нейкай іншай дзяржавы?” 45% апытаных далі станоўчы адказ. 34% пры гэтым былі супраць аддзялення. У верасні падчас апытання атрымалі іншыя звесткі — 22% на 48% адпаведна. Цяпер Данбас у Расію не хоча, падкрэслівае Ірына Бякешкіна.

Узнікае пытанне, ці хоча Расія, каб Данбас быў у яе межах, ці будзе гэта эканамічна выгадна Крамлю? Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў перакананы, што сам Данбас Расіі эканамічна не цікавы, Расіі неабходна ўтрымаць уплыў над ўсёй Украінай:

“Без Украіны ЭўрАзЭС асаблівага сэнсу не мае, бо Казахстан і Беларусь складае, толькі 14% ад ВУП самой Расіі — эканамічную магутнасць яны не зробяць. Украіна была і застаецца самай развітай эканамічна краінай СНД. Больш за тое, ваенны комплекс Расіі звязаны з ваенным комплексам Украіны, таксама Расія зацікаўлена і надалей у бесперашкодных пастаўках газа ў Еўропу, які ідзе праз украінскія трубаправоды”.

Эканаміст звяртае ўвагу, што выцягнуць Украіну са складанай сітуацыі будзе даволі няпроста. Наваі калі Еўропа прапануе для аднаўлення каля 30 мільярдаў долараў, то такіх сродкаў недастаткова. Да прыкладу, пасля аб’яднання Заходняя Германія ўклала ў развіццё Усходняй каля 2 трыльёнаў долараў. І гэтыя лічбы кажуць самі за сябе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі