Лібералізацыя на папках: якія дакументы ляжаць на стале ў Лукашэнкі
Эканамічныя дакументы ляжаць на стале Лукашэнкі на самым галоўным месцы — побач з сямейнымі фотаздымкамі.
Аляксандр Лукашэнка збіраецца падпісаць пакет дакументаў аб лібералізацыі эканомікі. Паводле звестак прадпрымальнікаў, гаворка ідзе пра дзясятак (!) асобных законаў. Калі менавіта Лукашэнка паставіць на гэтых дакументах свой аўтограф, незразумела. Ужо два тыдні толькі і кажуць, што яны "на стале ў кіраўніка дзяржавы".
Еўрарадыё вырашыла паглядзець на стол кіраўніка Беларусі і пераканацца, ці так гэта. За адпраўны пункт возьмем 8 жніўня, калі Лукашэнка праводзіць нараду аб развіцці дзелавой ініцыятывы. Кіраўнік Беларусі ўпершыню паказвае чыноўнікам аб'ёмную белую тэчку. Гэта і ёсць дакументы пра лібералізацыю эканомікі. Мяркуючы па сашчэпцы, у папцы не менш за тры дакументы.
15 верасня ў Аляксандра Лукашэнкі дзве сустрэчы з прадстаўнікамі эканамічнага блока ўрада. Першым да яго ідзе міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч. Ён прадстаўляе праект указа "Аб стварэнні ўмоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва". На стале перад кіраўніком дзяржавы з'яўляюцца дзве стопкі папак:
Звярніце ўвагу на папку салатавага колеру — і на адсутнасць чырвонай папкі. Яна з'яўляецца падчас наступнай сустрэчы, якую Лукашэнка праводзіць з міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам. Абмяркоўваюцца праекты ўказаў "Аб падатковым кансультаванні" (вельмі не падабаецца прадпрымальнікам) і "Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб".
Наступная сустрэча пра лібералізацыю эканомікі — з міністрам эканомікі Уладзімірам Зіноўскім. 19 верасня з ім абмяркоўваюцца пытанні ўдасканалення рамеснай дзейнасці і аграэкатурызму, а таксама павышэння ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва. За станоўчы эфект ад трох папак, якія Лукашэнка трымае ў руках, Зіноўскі адказвае галавой.
19 верасня Лукашэнка прымае і дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзіма Іпатава. На стале ў кіраўніка дзяржавы ўжо цэлая калекцыя папак:
Яшчэ шэсць(!) папак: пяць шэрых папяровых і адна скураная — пакуль што ляжаць перад Іпатавым. Ён прыйшоў да Лукашэнкі, каб абмеркаваць пакаранне для бізнесменаў, якія зайграюцца ў лібералізацыю.
І фінал нашай гісторыі. 26 верасня Лукашэнка прымае першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага. Той прадстаўляе ўсе дзесяць законаў, якія павінныя вывесці эканоміку Беларусі ў XXI стагоддзе. Да гэтага моманту "пакет дакументаў ляжыць на стале ў кіраўніка дзяржавы" — не пустыя словы. Вось ён:
Вось такая лібералізацыя на папках. З апошняй нарады па "пакеце дакументаў" прайшло ўжо амаль дзесяць дзён. Дзе гэтыя рознакаляровыя папкі цяпер?