Лідар Каталоніі заклікаў парламент адкласці аб’яўленне незалежнасці
10 кастрычніка кіраўнік ураду Каталоніі Карлес Пучдэмон заклікаў парламент адкласці аб’яўленне незалежнасці. Ён спадзяецца наладзіць дыялог з Мадрыдам у пытанні выхаду рэгіёна са складу Іспаніі, для прыняцця “ўзгодненага рашэння”. У сваёй прамове Пучдэмон заявіў, што па выніках рэферэндума 1 кастрычніка аўтаномія атрымала мандат ад мільёнаў каталонцаў на пабудову незалежнай дзяржавы.
Як інфармуе “Бі-Бі-Сі”, кіраўнік каталонскага ўраду падкрэсліў, што хацеў бы “дээскалацыі напружанасці”. Ён звярнуўся да ўладаў Іспаніі з наступнымі словамі: “Мы не злачынцы, мы не вар’яты, мы не путчысты, мы нармальныя людзі, якія просяць мець магчымасць прагаласаваць. У нас няма нічога супраць Іспаніі і іспанцаў”.
Магчыма, на рашэнне каталонскага кіраўніцтва адкласці абвяшчэнне незалежнасці паўплывала папярэджанне ўраду Іспаніі, які заявіў пра гатоўнасць неадкладна адказаць на любую аднабаковую дэкларацыю незалежнасці. Мадрыд гатовы прыняць меры “па аднаўленню закона і дэмакратыі”.