Лідарам украінскай апазіцыі прапанавалі пасады міністраў
Пакуль яны не адмаўляюцца ад прапановы, але і не прымаюць яе.
25 студзеня адбыліся новыя перамовы паміж прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам і апазіцыйнымі лідарамі. Кіраўніку “Бацькіўшчыны” Арсенію Яцэнюку было прапанавана заняць пасаду прэм’ер-міністра, а лідару УДАРа Віталю Клічко — віцэ-прэм’ера па гуманітарных пытаннях. У выпадку, калі Яцэнюк пагодзіцца на прапанову, цяперашні ўрад будзе распушчаны.
Сам лідар “Бацькіўшчыны” заяўляе, што апазіцыя гатовая прыняць на сябе такую адказнасць, але толькі на тых умовах, якія сама вылучае.
“Калі мы скажам, што мы адмаўляемся ад адказнасці, яны нас абвінавацяць у тым, што яны прапаноўвалі, каб мы атрымалі ўладу і вялі краіну да Еўропы, але мы адмовіліся. Калі мы прымаем гэту прапанову, то яны і людзі таксама абвінавацяць у тым, што адбываецца здрада і такім чынам людзі не дамагліся таго, чаго хацелі”, — адзначыў Арсеній Яцэнюк.
На думку апазіцыйнага лідара, Україна павінна падпісаць пагадненне з Еўрасаюзам, вызваліць усіх палітвязняў і спыніць крымінальны пераслед затрыманых актывістаў Еўрамайдану. Наступнае пытанне тычыцца зменаў у Канстытуцыю: канцэнтрацыя ўлады ў руках адной асобы непрымальная для краіны. Таксама апазіцыя настойвае на поўнай адмене “законаў 16 студзеня”, якія ўскладняюць правядзенне масавых акцыяў, перадае УНІАН.