"Лінію Хрэніна" пачалі будаваць і ў Брэсцкай вобласці
"Лінія Хрэніна" ў Гомельскай вобласці, травень 2023-га / Спутнік
"Лінію Хрэніна" пачалі будаваць і ў Брэсцкай вобласці, піша @Hajun_BY. Будаўнічыя працы зафіксавалі каля вёскі Сакі ў Жабінкаўскім раёне. Там адбываецца інжынернае абсталяванне агнявых пазіцый: будуюцца сістэмы акопаў, траншэй і бліндажоў. Выкарыстоўваецца цяжкая тэхніка (аўтакраны, экскаватары). Працуюць і грамадзянскія, і вайскоўцы. Плануецца ўсталяванне супрацьтанкавых "зубоў цмока", якія мусяць замарудзіць прасоўванне бронетэхнікі праціўніка.
Зыходзячы з маштабаў будаўніцтва можна зрабіць выснову, што пад Жабінкай з'явіцца, як мінімум, апорны пункт, які можа быць часткай "ўмацаванага раёна".
Ад месца будаўніцтва да мяжы з Украінай 47 кіламетраў, да мяжы з Польшчай — 28, да раённага цэнтра — 5.
Вясной стала вядома, што "ўмацаваны раён" будуецца каля вёскі Калініна ў Гомельскім раёне ў 20 кіламетрах ад мяжы з Украінай. Яго назвали "лініяй Хрэніна" (ад прозвішча міністра абароны РБ).
Мяркуецца, што падобныя "ўмацаваныя раёны" могуць узнікнуць і ў іншых раёнах уздоўж мяжы з Украінай. Улады РБ бачаць небяспеку ва Украіне, дзе існуюць беларускія добраахвотніцкія падраздзяленні, якія ваююць супраць расійскіх акупантаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.