Літоўскага памежніка затрымалі за дапамогу ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі
Кантрабандыя цыгарэты
На мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі затрымалі трох мужчын, якія везлі кантрабандныя беларускія цыгарэты. Пра гэта 17 траўня паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы.
Аперацыя адбылася ўвечары 11 траўня. Памежнікі карысталіся інфармацыяй крымінальнай разведкі САДМ. Яны зладзілі засаду каля сядзібы ў вёсцы Мілвідай (Шальчынінскі раён).
Усе трое затрыманых — жыхары Літвы, ім 37, 42 і 44 гады. "Мужчыны пагрузілі скрынкі з кантрабанднымі цыгарэтамі ў аўтамабіль Audi Q7 з нямецкімі нумарамі. Агулам памежнікі выявілі 12 022 пачкі цыгарэт "Мінск Суперслімс" і NZ Gold з беларускімі акцызамі", — заяўляе прэс-служба ведамства. Агульны кошт кантрабандных цыгарэт, уключаючы ўсе абавязковыя падаткі, ацэньваецца ў суму больш за 50 тысяч еўра.
Таксама памежнікі затрымалі 43-гадовага спецыяліста пагранпункта Трыбоніс (Вярэнская памежная група). Яго падазраюць у "саўдзеле ў злачынным дзеянні". Афіцэра адхілілі ад службы на паўгода і прызначылі яму папярэдняе зняволенне на адзін месяц.
Трое затрыманых арыштаваныя на два месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.