Літва хоча ўзяць пад кантроль змычкі сістэмы электраперадачы з Беларуссю
Прыбалтыйскія краіны вырашылі адключыцца ад сумеснай з Расіяй і Беларуссю энергасістэмы / sb.by
Літва збіраецца ўзяць пад свой кантроль змычкі сістэмы электраперадачы з Беларуссю, гаворыцца ў паведамленні аператара электрасетак Літвы — кампаніі Litgrid.
"З уводам забароны на экспарт электраэнергіі Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС) Літва павінная выконваць устаноўкі адпаведнага закона і забяспечыць самастойны кантроль над лініямі электраперадачы з Беларуссю", — заявіў кіраўнік Litgrid Рокас Масюліс.
Цяпер кантроль над змычкамі знаходзіцца ў сумесным вядзенні краін — удзельніц БРЭЛЛ. Litgrid ужо апавясціла аператараў адзінай сістэмы аб тым, што прыступае да прававых працэдур, каб узяць кантроль на сябе.
БРЭЛЛ — гэта адзіная энергасістэма Беларусі, Расіі, Эстоніі, Латвіі і Літвы. Пра сінхронны рэжым працы сваіх энергетычных сістэм бакі дамовіліся ў 2001 годзе. Аднак некалькі гадоў таму прыбалтыйскія краіны вырашылі адлучыцца ад БРЭЛЛ і сінхранізавацца з энергасістэмай Еўропы праз Польшчу. Гэта мусіць адбыцца да 2025 года. Літва таксама адмовілася ад закупкі беларускай электраэнергіі, таму што ў Вільні сумняваюцца ў бяспецы БелАЭС.
Нагадаем, у пачатку красавіка ў Беларусі прайшлі выпрабаванні з адключэннем трансгранічных ліній электраперадачы з Літвой. Іх праводзілі, каб праверыць надзейнасць працы беларускай сістэмы з улікам планаў прыбалтыйскіх краін выйсці з БРЭЛЛ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.