Літва ўвяла праверку грузавікоў на мяжы з Польшчай
Фуры ў чарзе / istockphoto.com
Літва з 26 лютага пачала правяраць у дальнабойшчыкаў дазволы на паездкі. Такая мера ўведзеная на літоўска-польскай мяжы, на месцы былога памежнага пункта Кальварыя. Праверкай займаюцца супрацоўнікі адміністрацыі бяспекі транспарту, дарожная паліцыя, памежнікі і мытня Літвы, паведамляе літоўскае ўпраўленне бяспекі на транспарце.
Дакументы на праезд правяраюць у кіроўцаў грузавікоў, не зарэгістраваных у шэнгенскай зоне. Пры адсутнасці дазволаў на праезд праз Літву, такія аўтамабілі не прапускаюць. Як доўга будзе дзейнічаць такая праверка, залежыць ад развіцця сітуацыі, кажа літоўскі бок.
Дзеянні літоўскіх уладаў могуць быць звязаныя з беларуска-польскім транспартным канфліктам. Пасля прысуду ў восем гадоў, які атрымаў актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут, Польшча зачыніла памежны пункт пропуску Баброўнікі — Бераставіца. У адказ афіцыйны Мінск дазволіў фурам, зарэгістраваным у Польшчы, пакідаць тэрыторыю Беларусі толькі праз беларуска-польскую мяжу. 21 лютага Польшча абмежавала рух беларускіх грузавікоў на апошнім дзейным пункце пропуску Кукурыкі — Казловічы. Гэта выклікала праблемы нават у казахстанскіх пеправозчыкаў, якія заявілі пра мільённыя страты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.