Літва заклікае суседзяў не купляць электраэнергію з АЭС у Беларусі і Расіі
Літва заклікае суседнія дзяржавы не купляць электраэнергію з АЭС, якія будуюцца ў Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі. З такім заклікам літоўскі міністр энергетыкі Рокас Масюліс звярнуўся да міністраў Латвіі, Эстоніі, Польшчы ды Фінляндыі.
"Трэба падаць выразны сігнал аб тым, што электраэнергія, якая выпрацоўваецца ў парушэнне міжнародных рэгламентаў ядзернай бяспекі, бяспекі і міждзяржаўнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, не будзе прынята ў Еўрасаюзе. Таму неабходна неадкладна і падрабязна абмеркаваць гэтае пытанне — спачатку на рэгіянальным, а потым — на ўзроўні ЕС, і прыняць рашэнні, каб забяспечыць аднолькавыя ўмовы гандлю электраэнергіяй з гэтымі краінамі", — цытуе ru.delfi.lt ліст, які Масюліс даслаў міністрам эканомікі і энергетыкі чатырох краін.
На думку літоўскага міністра, АЭС, якія будуюцца ў Калінінградскай вобласці і ў Беларусі, уяўляюць пагрозу для навакольнага асяроддзя. Акрамя таго, яны ствараюць несумленную канкурэнцыю на рынку электраэнергіі.
У снежні Масюліс прапаноўваў, каб Літва, Латвія і Эстонія дамовіліся пра сістэму падаткаабкладання, якая прадухіліла б экспарт электраэнергіі з Астравецкай АЭС у краіны Балтыі. Паводле яго, такую магчымасць краінам варта разгледзець, калі будаўніцтва Беларускай АЭС будзе працягвацца ў парушэнне міжнародных правілаў.
Фота: ru.delfi.lt