Лукашэнка абурыўся, што ў Беларусі хочуць выбіраць прэзідэнта і органы ўлады
Падчас наведвання 6-й гарадской клінікі Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра новую Канстытуцыю краіны.
Ён абурыўся тым, што пратэстоўцы патрабуюць выбіраць прэзідэнта краіны і органы ўлады.
"Вы напэўна заўважылі, што асноўны ўдар нашых пратэстунаў наносіцца па прэзідэнце і вертыкалі ўлады. Давай, дэмакратыя, усе павінны абірацца... Мы гэта праходзілі ў перыяд Гарбачова. Мы ж абіралі ўсіх — кіраўнікоў прадпрыемстваў, дырэктараў. Ну што, давыбіраліся? І краіну страцілі, і Саюз разваліўся. Нам гэтую падлянку хочуць падкінуць цяпер", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Таксама ён патлумачыў, чаму выступае за новую Канстытуцыю. І справа тут не ў "нейкай дэмакратыі".
"Я прыхільнік новай Канстытуцыі. Не таму, што дэмакратыю нейкую трэба. Не ў дэмакратыі справа. Мяне што ў гэтай сітуацыі хвалюе: незнаёмаму прэзідэнту такую Канстытуцыю аддаваць нельга. Будзе бяда", — тлумачыць кіраўнік Беларусі.
Па яго словах, у Беларусі "сур'ёзная жорсткая канстытуцыя", дзе ад рашэння прэзідэнта залежыць усё: "Крый божа прыйдзе чалавек і захоча развязаць вайну і іншае... Так, трэба нам стварыць новую Канстытуцыю, але выгадную для нашай краіны, каб потым краіна не абвалілася".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.