Лукашэнка ацаніў працу міліцыі і не змог паставіць "нават 8 з нацяжкай"
Аляксандр Лукашэнка лічыць працу Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі недастаткова эфектыўнай. Пра гэта ён заявіў падчас правядзення кадравых перастановак у сістэме МУС.
"Але, калі абсалютна шчыра, я не магу сёння міліцыі паставіць па 10-бальнай шкале ацэнку 9 або 10, і нават 8 з нацяжкай, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — І я лішні раз у гэтым пераканаўся (гэта міністра тычыцца і дзяржсакратара), будучы ў Магілёўскай вобласці".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што "у савецкія часы міліцыя была паўсюдна" і ёй "да ўсяго была справа". І ён вырашыў вярнуцца да савецкай практыкі, даручаў міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу сачыць за навядзеннем парадку ў сельскай гаспадарках — нават на мехдварах.
"І калі б маё даручэнне міністру было выканана, то гэтага бардака, які мы бачылі на адным з машынных двароў у другі дзень маёй паездкі па Магілёўскай вобласці, не было б, — гаварыў Лукашэнка. — Там ніводнай адзінкі не было жывой, ператварылі ў могілкі".
Пасыл кіраўніка дзяржавы быў наступны: парадак павінен быць ва ўсім.