Лукашэнка адказаў Цапкалу на словы пра свінаматку і парсючкоў

Лукашэнка адказаў Цапкалу на словы пра свінаматку і парсючкоў

У чацвер падчас нарады і прызначэнняў ва ўрадзе Аляксандр Лукашэнка жорстка выказаўся пра патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, былога кіраўніка беларускага Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалу. Пры гэтым не назваў яго прозвішча.

У траўні на прэс-канферэнцыі ў Мінску Цапкала заявіў: "Ён [Лукашэнка] быў блізкі маёй бабулі, таму што ведаў, колькі ад свінаматкі павінна нарадзіцца парсючкоў. Ён разумеў, колькі курэй павінен пакрываць певень". Але цяпер, кажа палітык, трэба сыходзіць ад гэтага. "Не трэба [кіраўніку Беларусі] займацца каровамі", — заявіў Валерый Цапкала.

Што адказаў Аляксандр Лукашэнка? Ён у чарговы раз нагадаў альтэрнатыўнаму кандыдату, каб той расказаў, за што яго звольніў з ПВТ. Пасля перайшоў да дома ў Мінску, які Цапкала прадаў, каб фінансаваць сваю выбарчую кампанію. "Як прадаў? — гаварыў Лукашэнка. — Ён жа жыве ў гэтым доме! Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарчай кампаніі! І ён нахабнік!".

"Ён [Цапкала] такі белы і пушысты, — працягваў Аляксандр Лукашэнка, пераходзячы ўжо да сельскагаспадарчай тэматыкі. — Ён распавядае, што я яго бабулі спадабаўся, бо ведаў, колькі свінаматка можа нарадзіць парсючкоў... Паўстае пытанне, а табе я чым тады спадабаўся?".

Лукашэнка лічыць, што Цапкала "проста не разумее, бо колькасць народжаных парасят ад мацеры і іх якасць не залежыць ад мацеры". "Гэта яшчэ залежыць ад кныра, — працягваў кіраўнік дзяржавы, відавочна, закладаючы ў гэтыя словы нейкі сэнс. — І калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртвыя будуць парасяты".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі