Лукашэнка: Беларусы распусціліся, а ў камунальшчыкаў вялізны бардак (відэа)
Кіраўнік дзяржавы не выключае, што людзі ўжо кампенсуюць камунальныя паслугі больш чым на 50%.
У панядзелак Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Палаты прадстаўнікоў ды зрабіў шэраг гучных заяваў. Між іншым, ён нагадаў, што ў бліжэйшы час будзе разгледжаны даклад камісіі па камунальных плацяжах.
Лукашэнка: "Але мы ўбачылі, што калі ўсё палічыць так, як павінна быць, себекошт гэтай "камуналкі", дык наша насельніцтва не 30% і не 20% плаціць, кампенсуе камунальныя паслугі, а можа ўжо і больш за 50%. Бо там вялізны бардак!.. Я проста чакаю, што камунальшчыкі зрабілі пасля гэтага вывучэння".
Па словах Лукашэнкі, ужо ёсць даклад камісіі па "камуналцы", які ён прапанаваў раздаць для азнаямлення дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Кіраўнік дзяржавы прызнаў сваю віну ў тым, што "насельніцтва распусцілі". Ён нагадаў, што і адукацыя ў Беларусі не каштуе столькі, колькі ў суседзяў, як і ахова здароўя, на якой дзяржава губляе "мільярды".
На відэа гл. ад 8.46.