Лукашэнка гатовы памяняцца "шпіёнамі" з Украінай
Аляксандр Лукашэнка гатовы бліжэйшым часам на ўзаемнай аснове абмяняць асуджанага ў Беларусі за шпіянаж ўкраінца Паўла Шаройку і абвінавачанага ва Украіне беларуса Юрыя Палітыку. Пра гэта кіраўнік Беларусі паведаміў на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх СМІ 26 верасня, перадае тэлеканал "112 Украіна".
Лукашэнка паведаміў, што на гэты конт у яго нават была дамоўленасць з папярэднім прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, але афіцыйны Кіеў не выканаў абяцанні.
Украінскія журналісты запыталіся, ці можна памяняць "шпіёнаў" да сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у Жытоміры на пачатку кастрычніка. На гэта беларускі кіраўнік адказаў: "Ды хоць заўтра, але вы не паспееце. Вы ж хочаце Палітыку павесці ў суд".
Украінскі журналіст Павел Шаройка быў затрыманы ў Мінску 25 кастрычніка 2017 года. КДБ абвінаваціў яго ў шпіянажы і стварэнні агентурнай сеткі. Яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі.
Беларус Юрый Палітыка быў затрыманы Службай бяспекі Украіны 16 чэрвеня 2017 года. У яго тэлефоне знайшлі файл з планам наступальнай аперацыі "Шторм", якую ўкраінскае войска праводзіла ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі (АТА). 33-гадовы мужчына абвяргае абвінавачанні ў шпіянажы. Паводле звестак украінскіх СМІ, ён заяўляе, быццам збіраўся ў валанцёры ў зону АТА. Разгляд яго справы па сутнасці пачаўся толькі ў красавіку 2019 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.