Лукашэнка: Гэтай аптымізацыі ўсе апладыруюць
У панядзелак, 2 лістапада, Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях удасканалення асобных пытанняў падаткаабкладання і па арэнднай плаце за зямельныя ўчасткі. Разглядаліся праекты ўказаў, якія мусяць прывесці ў адпаведнасць з падатковым кодэксам асобныя нарматыўна-прававыя акты. Папраўкі датычаць пераважна арэнднай платы за зямельныя ўчасткі, такіх адміністрацыйных працэдур, як дзяржпошліны, патэнтныя пошліны, консульскія зборы.
"Вядома, калі гэта сістэма, у выніку аптымізацыі, падаткі змяншае, усе апладыруюць, усе радуюцца, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Мала хто сёння думае пра тое, што падаткі — гэта найперш дзяржава і стан гэтай дзяржавы, дзяржаўныя службоўцы, лекары, настаўнікі, тыя, хто забяспечвае абарону, бяспеку".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць захавання стабільнасці падатковай сістэмы Беларусі. Паводле яго слоў, людзям абяцалі, што ніякіх зменаў у сістэме падаткаабкладання на працягу фінансавага года не будзе. А лепш нічога не мяняць на працягу пяці гадоў, толькі нешта "падчысціць", сказаў на нарадзе Аляксандр Лукашэнка. Ён ухваліў праекты дакументаў, але іх дапрацуюць.
Фота: БЕЛТА