Лукашэнка: "Хто самыя галоўныя ахоўнікі ў школе? Настаўнікі"
Аляксандр Лукашэнка здзівіўся новаўвядзенням у школах, якія ўводзіць Міністэрства адукацыі. Пра гэта ён заявіў падчас візіту ў Парк высокіх тэхналогій 12 красавіка. Пытанні ў яго ўзніклі наконт штатных ахоўнікаў у школах і пасады намесніка дырэктара па бяспецы, перадае БЕЛТА.
"Сёння цуды чытаю ў нейкім СМІ (я разбіраўся з урадам): міністр адукацыі нейкія распараджэнні выдаў, што настаўнік павінен прыходзіць у школу не раней чым за 30 хвілін да пачатку урокаў і сыходзіць не пазней чым 30 хвілін пасля заканчэння, увесці намесніка дырэктара па бяспецы і кучу ахоўнікаў у школе. Паўстае пытаньне: хто самыя галоўныя ахоўнікі ў школе? Настаўнікі. Так было ў нас заўсёды", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Раней паведамлялася, што міністр адукацыі Ігар Карпенка выдаў загад, які прадугледжвае шмат новаўвядзенняў у школьным распарадку. У прыватнасці, прадугледжваецца, што доступ у школу пачынаецца за 30 хвілінаў да пачатку працы, а завяршаецца праз 30 хвілінаў пасля заканчэння працы. Таксама плануецца абмежаваць выкарыстанне мабільнікаў у школе. Акрамя таго, мяркуецца ўвесці штатных ахоўнікаў і пасаду намесніка дырэктара па бяспецы.