Лукашэнка хвалюецца, што страхаўшчыкі выводзяць грошы з Беларусі (відэа)

Як інфармуе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзмацніць кантроль у сферы страхавых паслуг: "Як мне дакладваюць, у Беларусі з'явіліся дзялкі, якія зарабляюць на распаўсюдзе сярод беларусаў страхавых полісаў замежных арганізацый і вывадзе валюты з краіны. Гэта прамое парушэнне заканадаўства! Але гэтыя самыя дзялкі ўжо які год сыходзяць ад адказу! У чым справа?"



Кіраўнік дзяржавы заявіў, што нельга дапускаць ўцечкі валюты. Таксама, кажа ён, "нельга дазваляць пэўным дзялкам раскладваць па кішэнях грошы, якія ім практычна не належаць і не павінны належаць".



Лукашэнка спаслаўся на звесткі кантралюючых і праваахоўных органы, што сфера страхавання мае схільнасць да сур'ёзных злоўжыванняў. У якасці прыкладу ён згадаў гучны леташні выпадак з Беларускім народным страхавым пенсійным фондам. "Прыватная страхавая кампанія за кошт сродкаў паспяховых дзяржаўных прадпрыемстваў забяспечвала звышпрыбытак ў мільярды рублёў для сваіх акцыянераў! Вядома, пасля майго ўмяшання там навялі парадак. Але гэта стала падставай для больш крытычнага погляду на страхавы нагляд. Таму былі дадзеныя адпаведныя даручэнні ўраду, Камітэту дзяржаўнага кантролю, Мінфіну", — сказаў беларускі кіраўнік.



Па словах Лукашэнкі, падрыхтаваны праект указа, накіраваны на комплекснае ўдасканаленне прававога рэгулявання страхавой дзейнасці. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў прысутных, наколькі прапанаваны дакумент адпавядае сучасным патрабаванням у гэтай сферы. "Мы што, будзем зноў арыентавацца на тое, як у Еўропе, Амерыцы? Ці мы будзем глядзець на ўласныя інтарэсы і зыходзіць з іх, каб не было так, як у гэтым так званым народным фондзе: атрымалі прыбытак і па кішэнях расклалі. Правільна, прыбытак трэба атрымліваць, у адваротным выпадку — што гэта за дзейнасць без прыбытку? Але трэба ж паглядзець, каму дастаюцца гэтыя адносна лёгкія грошы", — заявіў кіраўнік Беларусі.



Фота — БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі