Лукашэнка і Кабякоў гаварылі пра тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі
У аўторак адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова (на ёй прысутнічаў і кіраўнік Нацбанка Павел Калаўр). Гаворка ішла найперш пра сітуацыю ў беларускай эканоміцы, але былі абмеркаваныя і тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Ва ўрадзе якраз разглядаюцца розныя варыянты ў пытанні іх устанаўлення. Прадугледжваецца, што неабароненыя слаі насельніцтва атрымаюць падтрымку. Як вядома, з 1 кастрычніка ў Беларусі павінна запрацаваць сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый. Праект указа аб падтрымцы насельніцтва пры аплаце камунальных паслуг ужо ляжыць на стале Лукашэнкі.
Вось што распавёў у каментары тэлеканалу АНТ па выніках сустрэчы Андрэй Кабякоў:
"Для грамадзян, у якіх плацяжы за кватэру будуць перавышаць 20% іх сукупнага даходу, будуць аказвацца безнаяўныя жыллёвыя субсідыі. Прычым для пенсіянераў, інвалідаў гэта будзе здзяйсняцца з 1 кастрычніка ўжо ў аўтаматычным рэжыме, а для астатніх грамадзян — па заяўляльным прынцыпе. Гэта значыць, ім трэба будзе звярнуцца ў адпаведную ўстанову. Для гараджан — гэта выдаткі больш за 20% у сукупным даходзе, а для вяскоўцаў — 15%".
Паводле слоў Кабякова, "прынцып адзін: хто можа, той павінен плаціць, а тым, хто не зможа з-за аб'ектыўных прычын, дзяржава акажа сацыяльную падтрымку". Ён падкрэсліў, што адпаведнага падыходу патрабуе і Аляксандр Лукашэнка.