Лукашэнка накіраваў спачуванні родным Янкоўскага і Картэса
Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным, блізкім і калегам народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага, які памёр 26 чэрвеня на 87-м годзе жыцця. "Расціслаў Іванавіч па праве заслужыў званне аднаго з найвялікшых акцёраў сучаснасці. Найвышэйшы прафесіяналізм, тонкае адчуванне псіхалогіі персанажаў і літаратурнай асновы, прыроджаная інтэлігентнасць, унікальная манера ігры дазволілі яму стварыць у тэатры і кіно сотні запамінальных роляў, якія сталі неад'емнай часткай скарбніцы беларускага мастацтва", — цытуе тэкст спачування прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што творчасць Расціслава Янкоўскага атрымала ўсенародную любоў і павагу калег. "Сыход яго з жыцця — незаменная страта для нацыянальнай культуры", — падкрэсліў Лукашэнка. Як раней паведамлялася, развітанне з народным артыстам СССР пройдзе 28 чэрвеня з 10.00 да 12.00 у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага, дзе з 1957 года працаваў акцёр.
Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванні родным, блізкім і калегам народнага артыста Беларусі Сяргея Картэса. Ён памёр у Мінску вечарам 26 чэрвеня на 82-м годзе жыцця.
У тэксце спачування адзначаецца, што Картэс зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё нацыянальнай культуры, а яго творчасць стала сапраўдным прыкладам высокага мастацтва, якое заснаванае на класічных прынцыпах і лепшых традыцыях айчыннай школы, арыентырам для многіх пакаленняў беларускіх кампазітараў.
Цырымонія развітання з Народным артыстам Беларусі Сяргеем Картэсам пройдзе 28 чэрвеня з 10.00 да 12.30 у памяшканні Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Упраўлення справамі прэзідэнта (вул. Чырвонаармейская, 10, корпус № 5), інфармуе БелаПАН.