Лукашэнка падпісаў новы закон, войска будзе змагацца з "масавымі беспарадкамі"
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон "Аб зменах законаў па пытаннях абароны суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу", паведамляе яго прэс-служба. Ім уносяцца змены ў законы "Аб назвычайным становішчы", "Аб вайсковым становішчы" і "Аб Узброеных Сілах".
У законе "Аб назвычайным становішчы" вызначана, што менавіта лічыцца "беспарадкамі", якія з'яўляюцца падставай для яго ўвядзення: спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, узброены мяцеж, масавыя беспарадкі, захоп або прысваенне ўлады, міжнацыянальныя і міжканфесійныя канфлікты.
"З улікам досведу рэагавання на беспарадкі ў 2020 годзе", удакладняецца пералік "магчымых надзвычайных мер і часовых абмежаванняў". Напрыклад, можа прыпыняцца выпуск і распаўсюд прадукцыі СМІ (уключна з замежнымі), абмяжоўвацца доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, будзе асобы характар акрэдытацыі журналістаў і г. д.
Пашыраецца кола сілавых органаў, якія прыцягваюцца да забеспячэння рэжыму надзвычайнага становішча за кошт уключэння ў іх лік ваенізаваных арганізацый (МНС, СК, ДФР, Дзяржкамітэт судовых экспертыз). Яны цяпер будуць мець і задачы па "спыненні беспарадкаў".
Прыцягненне Узброеных Сіл да барацьбы з пратэстамі цяпер замацавана заканадаўча. Перад імі стаяць задачы, "з улікам атрыманага практычнага досведу", барацьбы з тэрарызмам, аховы грамадскай бяспекі, "спынення масавых беспарадкаў", забеспячэння бяспекі пэўных асоб і аб'ектаў, якія знаходзяцца пад аховай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.