Лукашэнка: Палонных не бярэм! (відэа)

Лукашэнка: Палонных не бярэм! (відэа)

23 лістапада Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам выказаўся наконт здарэння ў Магілёве, дзе 20 лістапада зламыснік захопліваў у аддзяленні банку закладнікаў. Як паведамляла Еўрарадыё, Лукашэнка назваў аперацыю праваахоўнікаў па вызваленні закладнікаў і затрыманні злачынцы “бліскучай” і “адной з найлепшых”. Ён падзякаваў міліцыянерам і амапаўцам за прафесіяналізм, сказаў, што вырашыў узнагародзіць тых, хто рызыкаваў жыццём. Таксама Аляксандр Лукашэнка параўнаў падобныя злачынствы з тэрактам.

На відэа БЕЛТА ёсць словы Лукашэнкі, якія не трапілі ў паведамленні пра сустрэчу: “Правільна, што хлопцы дзейнічалі жорстка. Усе павінны разумець: Палонных не бярэм! Тыя, хто здзяйсняе падобныя акты, гэта падобна тэрарыстычным актам”.

У чацвер прэс-служба Следчага камітэта паведаміла, што расследаваннем злачынства займаецца група следчых цэнтральнага апарату і ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці. Падазраваны па-ранейшаму знаходзіцца ў бальніцы пад вартай (падчас затрымання яго паранілі ў нагу). Як вядома, ён грамадзянін Расіі і зусім нядаўна атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. Беларускія праваахоўнікі збіраюць інфармацыю пра яго асобу і звернуцца па прававую дапамогу да расійскіх калегаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі