Лукашэнка павіншаваў Голуба з заваяваннем “золата” на Паралімпіядзе
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў 21-гадовага Юрыя Голуба з заваяваннем “золата” на Паралімпіядзе ў Пхёнчхане. Беларускі спартсмен выйграў біятлонную гонку на 12,5 км. Раней Голуб узяў “срэбра” ў лыжнай гонцы на 20 км і ў біятлонным спрынце на 7,5 км.
“Пасля двух срэбных фінішаў у першых стартах Пхёнчхана ты сёння дамогся найвышэйшага выніку ў сваёй кар'еры. Малайчына!" — цытуе віншаванне кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. Лукашэнка выказаў спадзяванне, што яго гэты поспех — не мяжа спартыўных амбіцый “маладога паралімпійца з Глуска” і наперадзе яго чакаюць новыя ўзнагароды.
На рахунку беларускіх паралімпійцаў на сённяшні дзень 2 “золата”, 3 “срэбра” і 2 “бронзы”. У медалёвым заліку зборная Беларусі займае 8-е месца. Аляксандр Лукашэнка пажадаў камандзе моцнага здароўя і новых перамог.