У пятніцу падчас наведвання Хатыні Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра амністыю і памілаванне. Як піша БЕЛТА, ён заявіў, што "не гандлюецца людзьмі" з Захадам і нібыта ніколі гэтага не рабіў.
"Таму ніякага гандлю не будзе, — працягваў Лукашэнка. — Я не буду гандлявацца, нават калі за гэтым будзе нейкая выгада... Але там, дзе можна пайсці на нейкі кампраміс, трэба ісці. Гэта ж наша грамадства, яны рана ці позна ўсё роўна выйдуць".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што некаторых "аблудных", якія ўдзельнічалі ў пратэстах, варта вызваліць. Але наўрад ці сярод іх апынуцца вядомыя дзеячы-палітвязні. "Той, хто павінен сядзець, будзе сядзець", — сказаў ён.
Мяркуецца, што пад амністыю можа трапіць больш за 8 тысяч чалавек. Нядаўна на волю па памілаванні выйшаў журналіст-палітвязень Алег Груздзіловіч.
У Беларусі на сённяшні дзень 1342 палітвязня.