Пад амністыю ў Беларусі трапіць не менш за 8 тысяч чалавек
Пад амністыю ў Беларусі трапіць не менш за 8 тысяч чалавек. Пра гэта ў аўторак заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед. Ён удзельнічаў у нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, на якой абмяркоўвалася гэтая тэма.
Амністыю збіраюцца прымеркаваць да "Дня народнага адзінства", які адзначаецца 17 верасня (угодкі ўступлення Чырвонай арміі ў 1939-м у Заходнюю Беларусь).
Са слоў Лукашэнкі вынікае, што сярод амніставаных могуць быць і асуджаныя паводле палітычных артыкулаў. Але з умовай. Яны павінны "пакаяцца" і "стаць на шлях выпраўлення" ды "цалкам загладзіць сваю віну".
"Нягледзячы на досыць прынцыповую пазіцыю Генеральнай пракуратуры, што акт амністыі не павінен распаўсюджвацца на тых асоб, якія замахнуліся на суверэнітэт, незалежнасць, канстытуцыйны лад нашай краіны ў 2020-2021 гадах", Аляксандр Лукашэнка "даручыў узважана падысці да гэтага пытання, індывідуальна і ў першую чаргу праз інстытут памілавання", — цытуе словы Шведа sb.by.
Папярэдні раз амністыя праводзілася ў Беларусі вясной 2020-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.