Лукашэнка — пра Гомель: я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку!
president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў канфлікт паміж настаўніцай і вучнем 4-га класа ў гомельскай школе №15. Паводле яго слоў, "у нас бардак у школе" і трэба наводзіць там парадак, перадае БЕЛТА. "Вы што, чакаеце яшчэ, як у Стоўбцах у нас адбылося? А пачынаецца адсюль — са здзекаў з настаўніцы. І яшчэ на камеру здымаюць і выкладваюць у сеціва. І гэта ў чацвёртым класе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт абурыўся рэакцыяй на інцыдэнт гомельскіх чыноўнікаў: "Паехалі, наладзілі разборкі, сабралі знізу даверху начальнікаў. Апісаліся, што ў іх, бачыце, у сацыяльных сетках размясцілі. А апісаўшыся, узялі і пакаралі гэтага беднага настаўніка. Ды я на месцы гэтага настаўніка галаву б адкруціў шчанюку нейкаму!"
Паводле слоў Лукашэнкі, выкарыстанне тэлефонаў у класах абуральна. Увага дзяцей не толькі адцягваецца ад заняткаў, "яны перастаюць думаць", "лічыць не ўмеюць, табліцу множання не ведаюць", таму што карыстаюцца калькулятарамі ў тэлефоне і гугляць адказы на пытанні. "Няўжо гэта нельга зразумець? У мяне сын прэзідэнта ні разу тэлефон у школу не ўзяў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама папярэдзіў аб звальненні губернатара Гомельскай вобласці: "У цябе куля праляцела каля вуха. Таму што ты яшчэ там без году тыдзень. А то табе было б, што і ўсім астатнім".
Порцыя крытыкі дасталася і міністру адукацыі Ігару Карпенку. Паводле слоў Лукашэнкі, нядаўна ён дакладваў, што ў адукацыі "ўсё выдатна". "Ды не выдатна. Калі такі бардак у школе, не патрэбныя ні падручнікі, ні праграмы, ні новыя метадычкі", — сказаў кіраўнік краіны.
"Я ўжо не кажу пра ўрад, Качанаву, якая ідэалогію вядзе. Вось яна — такая ідэалогія. Чаго сабраліся? Судзілі-радзілі, стрэлачніка знайшлі. Углыб глядзіце!" — дадаў Лукашэнка.
Як паведамляла Еўрарадыё, настаўніцу гомельскай школы №15 Людмілу Чацвярткову звольнілі 13 верасня — з-за інцыдэнту ў чацвёртым класе, куды яна прыйшла замяняць калегу. Бацькі аднаго з вучняў апублікавалі відэа, на ім настаўніца трасе партай над галавой вучня з крыкам: "Я пайду ў турму, а табе п ... ц!". Настаўніца выбачылася перад бацькамі за свае паводзіны. Але яе ўсё роўна звольнілі.
Пазней з'явілася поўная версія відэа, з якога можна зрабіць выснову, што канфлікт справакаваў вучань. Чацвярткова несла парту з хваста кабінета, каб адсадзіць кагосьці, і пачала крычаць, калі школьнік спрабаваў падставіць ёй падножку.
Пазней Чацвярткову аднавілі на працы па прамым загадзе Лукашэнкі. А замест яе звольнілі некалькіх чыноўнікаў выканкама і дырэктара школы.
Інцыдэнт раскалоў беларускае грамадства напалам і выклікаў шырокую дыскусію аб стане сярэдняй адукацыі і грамадзтва цалкам. Адны займалі бок настаўніцы і абвінавачвалі ў тым, што здарылася бацькоў, — маўляў, тыя недастаткова сочаць за выхаваннем сына. Іншыя лічылі, што настаўнік не мае права зрывацца на лаянку ні пры якіх абставінах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.