Лукашэнка — пра хакейную зборную: Ім няма чаго рабіць у элітным дывізіёне

Лукашэнка — пра хакейную зборную: Ім няма чаго рабіць у элітным дывізіёне

Беларускай зборнай не месца ў элітным дывізіёне пры той гульні, якую яна паказала на чэмпіянаце свету па хакеі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 траўня, калі прымаў з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Чыноўнік адначасова з'яўляецца старшынёй назіральнай рады хакейнага клуба "Дынама-Мінск". 

"Тое, што наша зборная вылецела з элітнага дывізіёна, — гэта па справе, іх месца там. Ім няма чаго рабіць з такой гульнёй у гэтым дывізіёне. Але пагадзіцца з гэтым мы ніяк не можам", — цытуе прэс-служба словы Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як будзе надалей развівацца клуб "Дынама-Мінск", які з'яўляецца базай для нацыянальнай зборнай. 

"Цяпер федэрацыя хакея ўсё больш ківае на "Дынама", што клуб не выконвае сваіх абавязацельстваў. Клуб кажа пра тое, што ім самім трэба гуляць і выйграваць, паказваць гульню, таму ёсць свае інтарэсы. Каб у нас не было разыходжанняў, трэба зрабіць так, каб найлепшыя гульцы гулялі ў "Дынама", а самыя лепшыя дынамаўскія — у зборнай", — паставіў задачу Лукашэнка.

На думку кіраўніка Беларусі, найперш трэба дбаць пра нацыянальную зборную, нават калі гэта закране інтарэсы клубаў. "На шкоду ўсім (пажадана, вядома, без шкоды) мы павінны перавагу аддаваць зборнай. Усё павінна быць заточанае на краіну. Павінны гуляць беларускія хакеісты і перш за ўсё брамнікі. Гэта не справа, што ў нас няма нармальнай абароны. Дый нападзення няма. Калі за дзясятак матчаў не могуць забіць дзясятак галоў, гэта не каманда", — прыпячатаў Лукашэнка.

Як вядома, на сёлетнім чэмпіянаце свету беларускія хакеісты прайгралі ўсе матчы і вылецелі ў першы дывізіён. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі