Лукашэнка — пра ХК "Дынама-Мінск": Сорамна глядзець, як катаюцца на каньках
На нарадзе ў Нацыянальным Алімпійскім камітэце, якая прайшла 7 верасня, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў вынікі нацыянальных зборных і хакейнага клуба "Дынама-Мінск". Пра гэта паведамляе яго прэс-служба.
Пра гульню беларускіх футбалістаў са зборнай Люксембурга, якую нашыя спартоўцы прайгралі з лікам 0:1, кіраўнік дзяржавы заявіў: "Гэта хутчэй бы забыць. Гэта ж не справа — такое стаўленне".
Была агучаная крытыка і на адрас ХК "Дынама-Мінск", які прайграў запар шэсць матчаў у чэмпіянаце КХЛ. Толькі 6 верасня беларускія хакеісты атрымалі перамогу над "Сочы" — 4:2. "Не цешце сябе марамі, што з'ездзілі ў Сочы і выйгралі. Гэта сведчыць аб тым, што гуляць ўмееце, але не гуляеце. Сорамна глядзець, як катаюцца на каньках", — выказаў дакор Лукашэнка.
Дасталося за выступы на мінулых чэмпіянатах свету таксама зборным па лёгкай атлетыцы, мастацкай гімнастыцы і дзюдо. Кіраўнік Беларусі рытарычна запытаўся: "На што грошы выдаткоўваем?"