Лукашэнка — пра таемную інаўгурацыю: усе б гаварылі, што там спалілі дэпутатаў
29 студзеня падчас наведвання БДУ Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў патлумачыць студэнтам, што ж адбылося 23 верасня мінулага года, калі прайшла таемная інаўгурацыя (яна не анансавалася). Як звычайна, у такіх сітуацыях узнікаюць самыя нечаканыя дэталі. На гэты раз — кактэйль Молатава.
"Мне напярэдадні [інаўгурацыі] прыходзіць старшыня камітэта [КДБ], на стол дакументы: хочуць зладзіць правакацыю з дэпутатамі, — расказвае Лукашэнка. — Яны ведалі, інаўгурацыя, на аўтобусах дэпутаты [прыедуць]. Закінуць кактэйль Молатава ў аўтобус, разбіўшы акно. Ніхто б не казаў пра інаўгурацыю. Усё б казалі, што там спалілі дэпутатаў".
І вось з-за гэтага зрабілі спешную і таемную інаўгурацыю. "Я зрабіў як здолеў", — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба.
Як вядома, перамогу Лукашэнкі на выбарах не прызналі ні ЕС, ні ЗША, а АБСЕ рэкамендавала правесці новыя выбары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.