Лукашэнка — пра заробкі бюджэтнікаў: Урад прапануе сур'ёзныя новаўвядзенні
3 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з удзелам кіраўніцтва Саўміна, Адміністрацыі прэзідэнта і Дзяржсакратарыяту Саўбеза. Абмяркоўваліся шляхі павышэння эфектыўнасці працы дзяржаўных прадпрыемстваў, а таксама пытанне заробкаў працаўнікоў бюджэтных арганізацый.
"Урад прапануе досыць сур'ёзныя новаўвядзенні, — цытуе словы Лукашэнкі яго прэс-служба. — Паўсюдна уніфікаваць, упарадкаваць, спрасціць. Любыя змены, якія прынясуць карысць, заўсёды будуць падтрыманы. Але трэба памятаць, што такіх [працаўнікоў бюджэтнай сферы] у нас 850 тысяч беларускіх грамадзян. І ніхто, акрамя дзяржавы, пра іх не паклапоціцца і не абароніць".
Ці было прынятае нейкае рашэнне па заробках бюджэтнікаў, пакуль невядома. Што да дзяржпрадпрыемстваў, дык падрыхтаваны шэраг нарматыўных актаў, і ў Аляксандра Лукашэнкі ўзніклі пытанні па іх. Напрыклад, ён выказаўся наконт запыту аб дзяржаўнай падтрымцы на 500 млн рублёў арганізацый, якія абслугоўваюць АПК. Па словах кіраўніка дзяржавы, падчас вырашэння пытання аб выдзяленні такой падтрымкі ці не галоўным фактарам будзе наяўнасць кадраў, якія здольныя пісьменна выкарыстаць сродкі.