Лукашэнка прызначыў першага намесніка старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта
Аляксандр Лукашэнка прызначыў першага намесніка старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта. Ім стаў Уладзімір Арлоўскі, які больш за год быў намеснікам старшыні, а яшчэ раней (у 2010-2014 гг.) — начальнікам упраўлення арганізацыі мытнага кантроля. Указ кіраўніка дзяржавы быў падпісаны 9 чэрвеня, інфармуе БЕЛТА.
Уладзімір Арлоўскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў Магілёве. Скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (у 1993 годзе) , Інстытут нацыянальнай бяспекі (у 2002-м), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі (у 2014-м). У мытных органах ужо 22 гады. Працаваў на Магілёўскай, Брэсцкай мытнях. У кіраўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэта ўваходзіць з 2010 года (з кароткім перапынкам у верасні 2014-га — сакавіку 2015-га года, калі быў начальнікам Брэсцкай мытні).