Лукашэнка разагнаўся да 280 км/гадз. на электрамабілі Tesla
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным наладзіць у Беларусі вытворчасць электрамабіляў. Пра гэта ён заявіў журналістам падчас паездкі ў Гомельскую вобласць, паведамляе БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы разлічвае ў гэтым пытанні на... кітайскіх спецыялістаў: "Я разлічваю на кітайцаў, што яны на Geely паралельна разам з намі змогуць стварыць электрамабіль. І спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук ужо сур'ёзна працуюць над гэтым аўтамабілем".
Самай вялікай складанасцю ён назваў стварэнне батарэі, у якой зараду хапіла б на 500-600 км пры хуткасці 100 км/гадз. "І мы гэта зробім — з кітайцамі або самі. Але хацелася б з Кітаем", — выказаў мару Лукашэнка.
Лукашэнка нагадаў, што стварэнне электрамабіляў сёння ў трэндзе і што за імі — будучыня. Кіраўнік дзяржавы расказаў, як тэставаў электракар Tesla. "На ім можна з любой хуткасцю ехаць. Шчыра прызнаюся: праехаў 280 км/гадз. і спалохаўся, што ён можа ўзляцець. Самалёт узлятае і сядае з такой хуткасцю. Вельмі добры аўтамабіль", — адзначыў ён.
Як паведамлялася раней, падчас наведвання завода "БелДжы" кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі Аляксандру Лукашэнку электрамабіль Geely. Кіраўнік Беларусі сёння паведаміў, што плануе яго пратэставаць у бліжэйшыя выхадныя дні.