Лукашэнка: У Беларусі захаваецца кантроль за коштаўтварэннем

Лукашэнка: У Беларусі захаваецца кантроль за коштаўтварэннем

У Беларусі захаваецца кантроль за коштаўтварэннем. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання сталічнай фабрыкі “Камунарка”. Па яго словах, у першым квартале ў сярэднім па краіны кошты ўжо выраслі на 4% і вялікую ўдзельную вагу тут склала павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

Лукашэнка паведаміў, што пасля пераразліку тарыфаў на паслугі ЖКГ высветлілася, што насельніцтва пакрывае не 30, а 40 адсоткаў ад іх кошту.

“За кошт зніжэння сабекошту паслугаў ЖКГ мы да канца года будзем пакрываць 50% кошту паслугаў. То бок не за кошт павелічэння тарыфаў і адабрання грошай у вас, а за кошт камунальшчыкаў. Яны там скароцяць сабе кошт, затраты”, — сказаў Лукашэнка.

Таксама ён дадаў, што ў будучым годзе пажадана выйсці на 75% аплаты насельніцтвам паслугаў ЖКГ, а яшчэ праз два гады — на 100%.

Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што яго болей турбуе рост коштаў у сферы гандлю. Дзяржава будзе прымаць жорсткія захады, калі выявіць неабгрунтаваны рост цэн.

“Калі мы будзем бачыць, а гэта вельмі проста, мы будзем прымаць жорсткія захады, як гэта рабілі нядаўна, калі ўсе пачыналі паціраць рукі перад Новым годам, асобныя — перад 8 сакавіка, маўляў, людзі набываюць усё — давай павысім кошты, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА. — А калі яго закрыеш на тыдзень, дык ён губляе ў тысячу разоў болей, чым атрымаў за кошт цэнаў. Тады яны спыніліся. Зразумелі, што дзяржава з імі жартаваць не будзе”.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі