Лукашэнка ўразіўся росту цэн у РБ і патрабуе ад чыноўнікаў утаймаваць інфляцыю
Па выніках года інфляцыю ў Беларусі прагназуюць на ўзроўні 19% / krichevlive.by
Аляксандр Лукашэнка сабраў чыноўнікаў, каб абмеркаваць сітуацыю з ростам цэн у Беларусі. На нарадзе прагучала, што за 8 месяцаў гэтага года інфляцыя склала 13,8%, а па выніках года можа дасягнуць 19%. Такі прагноз робіць урад краіны. Лукашэнка заявіў, што Савет Міністраў і Нацбанк мусілі рэагаваць на такія лічбы — "адказаць жорсткімі мерамі па стрымліванні цэн". Таму што атрымліваецца, што "рост цэн нівелюе ўсе нашы намаганні па павышэнні заробкаў і пенсій". Рэальныя даходы насельніцтва падаюць. У прыватнасці, за год, па словах Лукашэнкі, яны ўпалі на 3%. Пра гэта расказвае БЕЛТА
Лукашэнка таксама выказаў здзіўленне з нагоды росту цэн на айчынныя тавары ("іх жа вырабляюць з беларускай сыравіны") і абурыўся нацэнкамі на некаторую гародніну. "Камітэт дзяржкантролю дакладвае: ёсць факты, калі яблыкі, цыбулю, буракі і капусту, выгадаваныя нашымі сельгаспрадпрыемствамі, бюджэтнікі закуплялі ў пасярэдніка з нацэнкай пад 300%", — заявіў Лукашэнка і запатрабаваў разабрацца са "спекулянтамі".
А яшчэ Лукашэнка запатрабаваў ад урада вярнуцца ў наступным годзе да адназначных велічыняў інфляцыі на ўзроўні 7-8%. Праўда, якім чынам плануецца дасягнуць гэтых велічынь, у справаздачах з нарады не гаворыцца. Гаворыцца пра папярэджанне Лукашэнкі — пра тое, што за цэны чыноўнікі "адкажуць галавой".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.