Лукашэнка выступіў у ААН супраць "каляровых" рэвалюцыяў і за моцную дзяржаву
Аляксандр Лукашэнка выступіў у агульнай дыскусіі на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.
У сваёй прамове кіраўнік Беларусі актыўна прапагандаваў моцную дзяржаву і выступаў супраць так званых "каляровых" рэвалюцыяў.
"У выніку знешняга ўмяшання, экспарту "каляровых" рэвалюцый і штучнай змены рэжымаў стабільныя перш за ўсё краіны пагрузіліся ў хаос і анархію. Гэта ўсё прыкрываецца дэмакратыяй. Замест абяцанай дэмакратыі і росквіту людзі ў гэтых краінах перажываюць жудасныя пакуты і вымушаныя ратавацца ўцёкамі. Натоўпы мігрантаў штурмуюць сёння Еўропу", — цытуе БЕЛТА выступ Лукашэнкі.
Раскрытыкаваў беларускі кіраўнік і эканамічнае супрацьстаянне: "Сур'ёзную небяспеку для стабільнасці свету ўяўляюць глабальныя эканамічныя пагрозы. Валютныя вайны, санкцыі, перадзел сыравінных рынкаў, нядобрасумленная канкурэнцыя і іншыя негатыўныя з'явы абвастраюць сусветны крызіс. А спробы з боку шэрагу вядучых дзяржаў вырашаць свае праблемы за кошт іншых краін таксама з'яўляюцца асновай для канфрантацыі і раз'яднанасці". Следам за Уладзімірам Пуціным ён агучыў ідэю "інтэграцыі інтэграцый", у прыватнасці — Еўрасаюза і Еўразійскай эканамічнай супольнасці.
Крызісы ў маральнай і рэлігійнай сферах і нават кліматычныя праблемы Лукашэнка патлумачыў тым, што падтрымліваецца "штучны культ індывідуальных правоў і свабод чалавека на шкоду грамадскім інтарэсам. Прыкрываючыся лозунгам правоў чалавека, апраўдваюцца звяржэнне урадаў, разбурэнне дзяржаў і войны за рэсурсы".
На думку беларускага кіраўніка, усяму гэтаму можа супрацьстаяць толькі моцная дзяржава: "Неабходна на нацыянальным узроўні стварыць годныя ўмовы жыцця для кожнай канкрэтнай асобы. Глыбока перакананы, што адэкватна справіцца з гэтай задачай можа толькі моцная дзяржава".
Пад заканчэнне сваёй прамовы Аляксандр Лукашэнка выказаўся супраць разбурэння традыцыйнай сям'і і заступіўся за традыцыйныя каштоўнасці: "Асабліва не падабаецца, калі нам прапануюць прызнаць пэўныя адступленні ад нормаў маралі і розныя сацыяльныя "навацыі" ў якасці натуральных. Не хачу паглыбляцца ў гэтую праблему. Баюся ўгразнуць, і потым зазнаць залішнюю крытыку, але так і хочацца пры гэтым спытаць: дзяцей-то хто нараджаць будзе? Мы зробім усё, што ад нас залежыць, каб нашы ўнукі, праўнукі і іх нашчадкі захавалі прынятыя народам маральныя каштоўнасці, добрыя традыцыі духоўнасці і культуры".
Пасля сесіі ААН Лукашэнка прыняў удзел у прыёме ад імя прэзідэнта ЗША. На гэтым праграма яго працоўнага візіту ў Штаты была завершаная.
Фота: БЕЛТА