Лукашэнка: Як людзям жыць?.. Людзі з'язджаюць
Кожны чацвёрты беларус, які з'ехаў на заробкі за мяжу, з Віцебскай вобласці. Пра гэта ў аўторак на нарадзе ў Оршы заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў Аршанскім раёне сярэдні заробак складае 779 рублёў, у Віцебскай вобласці — 820 рублёў.
"І ўвогуле, Мікалай Мікалаевіч [Шарсцнёў, старшыня Віцебскага аблвыканкама], Віцебшчына па ўзроўню дабрабыту насельніцтва пляцецца ў хвасце, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — А на асобных прадпрыемствах заробак выплачваецца яшчэ і з затрымкамі. Тую мізерную зарплату, якую вы налічваеце, не можаце выплаціць людзям. І як у такім выпадку людзям жыць?".
Па словах Лукашэнкі, не дзіўна, што Віцебшчына губляе насельніцтва — людзі з'язджаюць на заробкі.
Як паведамляла Еўрарадыё, кіраўнік дзяржавы абвясціў кіраўніку Віцебшчыны строгую вымову "за агіднае безадказнае стаўленне да даручанай справы". Аляксандр Лукашэнка на нарадзе крычаў на прысутных і паабяцаў, што памяняе ўрад за "пафігічнае стаўленне".