Лукашэнка жыхарам Барані: Трэба прывыкаць, што людзі павінны ісці за працай
Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень наведаў храм Прэабражэння Гасподняга ў горадзе Барань Аршанскага раёна.
“Вы, напэўна, ведаеце, часам бачыце, што я, калі прыязджаю, абавязкова гляджу на гэтыя выдатныя месцы. Яны мне не чужыя. Я вельмі добра ведаю праблемы, якія ёсць тут — Балбасава, Барань, Орша — у гэтым рэгіёне. Гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў у Беларусі па працаўладкаванні, занятасці насельніцтва. Так быць не павінна, — сказаў кіраўнік краіны падчас размовы з мясцовымі жыхарамі. — І ў бліжэйшы час ва ўрадзе мы вельмі сур'ёзна разгледзім пытанні развіцця гэтага рэгіёну, асабліва гэтых населеных пунктаў”.
«Калісьці гэта быў адзін з развітых раёнаў. Тут базавалася савецкая авіяцыя стратэгічнага прызначэння. Але здарылася так, як здарылася. І з таго часу, не скажу, што мы тут ужо шмат зрабілі, але неяк стараліся людзей заняць”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама заклікаў і да актыўнасці саміх грамадзян: “Трэба прызвычайвацца да таго, што людзі павінны ісці за працай. Не праца да людзей, а так, як прынята ва ўсім свеце”.
“І хачу вам публічна сказаць, што і начальнікі тут мясцовыя вельмі павольна варушацца. Пасяджэнне ўрада мы правядзем тут, на месцы. Але да гэтага часу вы (кіраўніцтва на месцах) паварушыцеся”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што месцамі па-ранейшаму застаюцца незадзейнічаны некаторыя аб'екты, якія пустуюць, яшчэ з савецкіх часоў.
“Гэта не справа, што самыя добрыя прыгожыя месцы, зручныя для жыцця людзей, мы не можам прывесці ў парадак. Не скажу, што яны не ў парадку, але яны павінны быць яшчэ лепш, і людзі павінны мець тут працу. Вось гэта галоўнае пытанне, якое мяне хвалюе. Справа не ў тым, што гэта мая радзіма. мая радзіма сёння — уся Беларусь. Але гэтае месца заслугоўвае свайго развіцця, бо інфраструктура тут адпаведная”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.
“Паверце, мы ўмеем рабіць усё. Часам і людзі нашы не вельмі актыўныя, чакаюць чагосьці ад Госпада, але і ўлады не заўсёды варушацца так, як трэба. Я гэта прызнаю. Жывіце доўга, моцнага вам здароўя. Усе праблемы, паверце, мы вырашым”, — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.