Суда з-за аўтарства здымкаў у кнізе "Краіна Беларусь" не будзе

Бакі канфлікту сустракаліся ў чацвер і вырашылі спрэчныя пытанні. Нагадаем, аўтары выдавецкага праекта “Спадчына Беларусі” журналіст БТ Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў заўважылі ў нядаўна перавыдадзенай на трох мовах кнізе "Краіна Беларусь" Уладзіміра Арлова і Змітра Герасімовіча свае здымкі і вырашылі падаць пазоў у Вярхоўны суд.


Як паведаміў Еўрарадыё Зміцер Герасімовіч, які падбіраў ілюстрацыі да "Краіны Беларусь", на сустрэчы было прызнана, што аўтарства не было пазначана несвядома, а не наўмысна.


Герасімовіч: "Я баяўся, што будуць разборкі палітычныя ці каляпалітычныя... Першая была такая напружаная сустрэча. А пазней мы нават дамовіліся аб супрацоўніцтве. Яны далі зразумець, што іх абурэнне эмацыйнае, як яны сказалі. І не больш. Іншых праблемаў, звязаных нават з аўтарствам, не было. Яны проста абурыліся, што іх не падпісалі, падпісалі іншых фатографаў, а іх — не".  


Еўрарадыё датэлефанавалася да Алега Лукашэвіча, каб даведацца яго пазіцыю. Вось што ён распавёў:


"Сапраўды, у нас сёння была сустрэча са спадарамі Арловым і Герасімовічам. Мы дасягнулі кампрамісу ў тым, што канфлікт сапраўды спынены, завершаны. Але ён будзе канчаткова завершаны пасля таго, як Уладзімір Арлоў і Зміцер Герасімовіч публічна прынясуць прабачэнні нам, аўтарам, і прызнаюць, што яны скарысталі ажно 23 (мы столькі налічылі) нашы здымкі".


Паводле Лукашэвіча, гэта мусіць быць надрукаваны ў СМІ тэкст за подпісамі Арлова і Герасімовіча пра тое, што яны прызнаюць сваю віну, што скарысталі без пазнакі аўтарства 23 здымкі. Ён пацвярджае, што на сустрэчы гаворка ішла пра супрацоўніцтва. Грашовых прэтэнзій ён і яго калега ад пачатку не мелі. Дарэчы, пазоў у суд юрыст не паспеў падрыхтаваць, а цяпер гэта ўжо не актуальна.
 

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі