"Набор турыста" быў з сабой: як Уладзіміра Арлова судзілі за эсэ на плошчы
Беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў упершыню ў жыцці трапіў пад суд. 10 студзеня яго справу разглядаў суд Ленінскага раёна Мінска. Суддзя Аляксей Кісляк прызнаў Арлова вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі 8 снежня 2019-га і аштрафаваў на 540 рублёў.
У той дзень на Кастрычніцкай плошчы пісьменнік прачытаў сваё знакамітае эсэ "Незалежнасць — гэта...", напісанае ў далёкім 1990 годзе, яшчэ ў савецкія часы. У судзе Арлоў папрасіў прачытаць эсэ і далучыць яго да матэрыялаў справы.
"Суддзя, павагаўшыся, задаволіў маё хадайніцтва, і ў зале суда ў час паседжання я пачытаў сваё эсе, — распавёў Еўрарадыё Уладзімір Арлоў. — Таксама папрасіў далучыць яго да матэрыялаў справы. Потым пачуў пастанову суда: 20 базавых. Вось калі коратка. Я быў гатовы да ўсяго. І "набор турыста" быў у мяне з сабой".
Працэс праходзіў на беларускай мове — суддзя задаволіў і гэтае хадайніцтва пісьменніка.
У складзеным пратаколе адзначаецца, што Уладзімір Арлоў крыкнуў на плошчы "Жыве Беларусь!" і трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг. Арлоў прызнаў толькі тое, што прачытаў эсэ, і агучыў яго тэкст. Дзясяткі людзей, якія прыйшлі ў суд падтрымаць пісьменніка, апладзіравалі яму.
Сведкамі на судзе выступілі міліцыянеры Андрэй Штоп і Андрэй Герасімовіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.