Ляльку актрысы Купалаўскага Зоі Белахвосцік купілі амаль за 100$
Юзік са спектакля "Дзяды" / Еўрарадыё
Днямі ў межах вечарыны "Дзень тэатра з вольным Купалаўскім" у Варшаве прайшоў аўкцыён лялек вядомай актрысы Купалаўскага тэатра Зоі Белахвосцік. Лялькі — няпростыя. На кожную працу аўтара натхнілі героі любімых спектакляў і калегі, якія выконваюць або выконвалі іх ролі.
Пачатковы кошт — 50 злотых (11,6 $). Удзельнікі, сярод якіх было нямала вядомых беларусаў і палякаў, змагаліся не на жарт!
Самым дарагім лотам стала лялька Юзік (персанаж спектакля "Дзяды"), за якога аддалі 400 злотых (92 $). Яго ўладальніцай стала Эва Зюлкоўска.
Падчас інтэрв'ю Еўрарадыё жанчына расказвае, што ў 90-х чатыры гады працавала ў польскай амбасадзе ў Беларусі, таму ёй вельмі блізка ўсё, што звязана з нашай культурай.
Еўрарадыё: Ці сачылі вы за тым, што адбывалася ў нашай краіне ў 2020 годзе? Як вы рэагавалі на тое, што адбываецца?
Эва Зюлкоўска: Вядома. Я была ў шоку! Беларусы выйшлі за сваю свабоду! Гэта адбывалася не толькі ў Мінску — па ўсёй краіне! Упершыню за шмат гадоў — у такой колькасці. З іншага боку, тое што здарылася пазней, калі людзі трапілі ў турмы, а многія былі вымушаныя пакінуць Радзіму — гэта, вядома, вялікая трагедыя беларускага народа. Мне здаецца, што гэта ўсё часова і што беларусам удасца дамагчыся сваёй свабоды, як калісьці палякам дзякуючы руху "Салідарнасць". Гэта проста пытанне часу.
Еўрарадыё: Вы хадзілі ў Купалаўскі тэатр, калі працавалі ў Беларусі?
Эва Зюлкоўска: Было вельмі шмат працы, але, канешне, я ведала пра Купалаўскі. Цікавілася жыццём тэатра, якія там ставяцца спектаклі. Пазней я працавала ў Расіі, але працягвала цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі.
Еўрарадыё: Як вы рэагуеце на ўціск палякаў у Беларусі? Лукашэнка закрывае розныя арганізацыі, звязаныя з Польшчай, саджае іх прадстаўнікоў, выкідае польскіх дыпламатаў…
Эва Зюлкоўска: Вядома, так не павінна быць. Павінна адбывацца нармальнае супрацоўніцтва на высокім дыпламатычным узроўні. У сувязі з сітуацыяй у Беларусі адбываецца так, як адбываецца.
Еўрарадыё: Вы згадалі "Салідарнасць". Памятаеце, што адбывалася ў Польшчы ў 80-х? Верыце, што ў Беларусі магчыма нешта падобнае?
Эва Зюлкоўска: Вядома, можа быць. Для гэтага трэба зрабіць вялікую працу. Само сабой нічога не зменіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.